Аляксандр Кныровіч: Беларускі бізнэс, як і ўсё грамадства, знаходзіцца ў агромністай траўме



Лятучы ўніверсітэт правёў анлайн-сустрэчу «Бізнэс і адукацыя», дзе эксперты абмеркавалі, наколькі бізнэс гатовы быць заказчыкам на рэформу адукацыі ў Беларусі.

Ацэнку становішча бізнэсоўцаў Беларусі і ў цэлым грамадства даў прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч:

– Бізнэс, як і ўсё грамадства, знаходзіцца ў цэнтры такой турбулентнасці. А адукацыя – гэта ўсё ж такі нейкі далягляд, гэта заўтрашні дзень. У бізнэса сёння гісторыя схлопнулася да прагназавання на некалькі месяцаў. Не кажучы ўжо, што на некалькі гадоў. І адпаведна гаварыць, што бізнэс сёння ў Беларусі можа фармуляваць нейкія ідэі і быць заказчыкам адукацыі, вельмі складана. Мы ўсе разам пакуль знаходзімся ў агромністай траўме, і, у многім, у непрыняцці сітуацыі.

На думку Аляксандра Кныровіча, у сучаснай Беларусі адсутнічаюць перадумовы для прадуктыўнага дыялогу рэжыму і бізнэсу па неабходным рэфарманні вышэйшай адукацыі. Тым не менш, варта мець план развіцця бізнэс-адукацыі Беларусі на час заканчэння палітычнага крызісу ў краіне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя