Аляксандр Лукашэнка: Пагрозаў для ўнутранага харчовага рынку няма
Рост экспарту харчавання ў Расею пагрозы для ўнутранага рынку не нясе, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з чальцамі Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Лукашэнка падкрэсліў, што ў выпадку недахопу сыравіны яе можна закупіць за мяжой. Паводле эканамічнага аглядальніка Аляксандра Сінкевіча, тыя прыбыткі, якія Беларусь можа атрымаць ад гандлю харчовымі таварамі з Расеяй, не пакрыюць тыя страты, якія краіна панесла ад скарачэння гандлю з Украінай.
– Бо ад канфлікту ў суседзяў выйграць сусед не можа, асабліва ў нейкай перспектыве. Мы назіраем, якія кепскія паказчыкі беларускага знешняга гандлю, прамысловай вытворчасці. Падзенне, асабліва ў машынабудаўніцтве, проста фантастычнае ў гэтым годзе. Для нас падзенне агульнага гандлю з Украінай куды больш балючы ўдар, чым тое, што мы можам зарабіць на харчовым афшоры.
Экспарт беларускага харчавання ў Расею вырас пасля таго, як гэта краіна з 7 жніўня на год абмежавала імпарт некаторых тавараў з краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі. У „санкцыйны спіс” трапілі ялавічына, свініна, рыба, садавіна, гародніна, птушка, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты.
Беларускае Радыё Рацыя