Аляксандр Сінкевіч: Расея і ЕЗ не зацікаўленыя ў спыненні супрацы
На долю краін, якія трапілі пад харчовыя санкцыі расейскага ўраду, прыпадае больш за 60% вытворцаў сыроў і тварагу. Па частцы малочнай прадукцыі больш за ўсё пацярпелі краіны Еўразвязу. Беларусь выказала гатоўнасць замяніць заходнія краіны па многіх пазіцыях у частцы харчавання. Расея аднак прапануе Беларусі правесці перамовы, каб абмеркаваць вынікі маніторынгу беларускай прадукцыі за дзевяць месяцаў. Расея не выключае ўвядзення абмежаванняў на пастаўкі харчовай прадукцыі з-за іх нізкай якасці. Эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч лічыць, што гэтая заява – фактар інфармацыйнай вайны, Крэмль павінен неяк завуаляваць інфармацыю пра паўставанне ў Беларусі харчовага афшору.
– Я ўпэўнены, што паўставанне пераробчай беларускай базы, харчовага афшору, – гэта вынік маўклівага пагаднення паміж Расеяй і Еўразвязам. Ні адзін, ні другі бок, нягледзячы на канфрантацыю, не зацікаўлены ў рэзкім спыненні эканамічнага ўзаемадзеяння.
На думку Аляксандра Сінкевіча, рэзкае абмежаванне імпарту ў Расею прадуктаў з Еўрапейскага Звязу можа выклікаць незадавальненні як у Еўропе, напрыклад, фермераў, якія губляюць рынак рэалізацыі сваёй прадукцыі, так і ў Расеі, – перадусім пакупнікоў, якія прызвычаліся да якасных еўрапейскіх тавараў.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя