Аляксандр Сінкевіч: Сітуацыя кепская, але не найгоршая



Эканамічныя аглядальнікі ўжо падводзяць вынікі мінулага года ў эканоміцы. Паводле Аляксандра Сінкевіча, гэтыя вынікі маглі б быць значна горшымі, калі Беларусь вызначылася б з падтрымкай аднаго з бакоў расейска-ўкраінскага канфлікту:

– Вынікі думаю не будуць вельмі абнадзейваючыя, рост эканомікі будзе нулявы ці каля таго, плюс-мінус. Адзінае можна сказаць, што ў нас не настолькі кепска, як магло б быць, калі Беларусь увязалася б ва ўкраінскі канфлікт, альбо ў гэтую санкцыйную вайну, заняла адзін з бакоў, было б значна горш. Таму можна казаць пра тое, што ў нас сітуацыя кепская, але яшчэ не найгоршая.

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч бачыць яшчэ адну прычыну праблем беларускай эканомікі – дрэнную працу і адсутнасць ініцыятывы кіруючых кадраў. „Калі яшчэ тэхналагічныя працэсы ўсе ў асноўным асвоілі, то ў тым, што тычыцца пытанняў кіравання, працы з кадрамі, належнай працы няма,” – адзначыў прэм’ер-міністрна пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя