Аляксандр Вайтовіч: Праблема энергазалежнасці ад Расеі застанецца



Былы кіраўнік Акадэміі Навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч распавядае пра “новыя крыніцы энергіі”.

Не так даўно Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён хоча, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энергіі, “каб мы на каленях не поўзалі нават перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты або кубаметр газу”.

Аляксандр Вайтовіч: Усе вядомыя законы прыроды апрабаваныя, каб на іх аснове вынайсці крыніцы энергіі. Сусветнае прыцягненне выкарыстана пры стварэнні прыліўных электрастанцый, атамная энергетыка трымаецца на пераходзе масы ў энергію… Не кажучы ўжо пра сілу ветра альбо вады. Усё гэта вядома, а зараз у свеце проста шукаюць новыя шляхі, як лепш тэхнічна выканаць той ці іншы праект. І Беларусь, на жаль, тут не на перадавых пазіцыях. Што жа датычыцца новай крыніцы энергіі, то навука пра гэта пакуль маўчыць. І наўрад ці што скажа ў бліжэйшы час.

РР: А наколькі знізіць энергазалежнасць ад Расеі пабудова ў Беларусі АЭС?

Аляксандр Вайтовіч: Асабліва не знізіць, але проста дыверсіфікуе энергетычныя крыніцы. Да гэтага часу ў нас асноўнай крыніцай быў газ (цеплавая энергія), а ў будучым вялікую долю зойме атамная энергетыка. А праблема энергазалежнасці ад Расеі ўсё роўна застанецца. Хаця ж трэба разумець, што Беларусь плаціць Маскве за тыя ж нафту і газ значна менш, чым іншыя краіны, якія купляюць гэтыя энерганосьбіты па сусветным коштам. І нічога – жывуць з нармальнай эканомікай. А мы ўсё чакаем, каб нас нехта працягваў карміць. Таму найперш трэба пра сваю эканоміку думаць, а не пра нейкія цуда-крыніцы энергіі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя