Аляксандр Ярашук: Агульнацыянальнага страйку не будзе



Кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук кажа, што не заклікаў да стварэння агульнанацыянальнага страйкавага камітэта.

 Аляксандр Ярашук: Страйкамы сёння ёсць на некаторых прадпрыемствах, як на тым жа “Беларуськаліі”. Але многія працоўныя і проста так аб’ядноўваюцца, хаця працуюць і не афішуюць гэта, ім ніхто ніякіх пытанняў не задае.

А рызыка ціску з боку адміністрацыі заўсёды існуе. Нехта дзейнічае адкрыта, і бярэ на сябе ўсе наступствы рызыкі.

РР: На асобных сайтах была інфармацыя, што вы заклікалі да стварэння Агульнанацыянальнага страйкавага камітэта…

Аляксандр Ярашук: Я не ведаю, адкуль гэтая інфармацыя з’явілася, бо са мной ніхто на гэтую тэму не размаўляў. Усё гэта вельмі дзіўна. Калі ў жніўні, падчас піку пратэстнай актыўнасці працоўных, не стварыўся такі агульнанацыянальны камітэт, то хто яго створыць зараз? Гэта абсалютна не выцякае з той сітуацыі, якую маем сёння.

Людзі зараз самастойна прымаюць рашэнні аб уступленні ў страйк, і гэта кажа пра тое, што гатоўнасць страйкаваць ёсць. Хаця працэс вельмі павольны, бо працоўныя бачаць што агульнацыянальнага страйку не будзе. І безадказна да яго заклікаць. Людзі могуць быць звольнены, ці падвергнуцца іншым формам пераследу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя