Аляксандр Ярашук: Грошы не вернуць



Кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які доўгі час працаваў у аграпрамысловым сектары, распавядае пра тое, у якім стане гэты сектар знаходзіцца сёння.

Падчас візіта ў Віцебскую вобласць беларускага кіраўніка стала вядома, што ў рэгіёне назбіраліся вялікія даўгі ў сферы аграпрамысловага комплексу – каля 3 мільярдаў рублёў. Лукашэнка запатрабаваў вярнуць грошы ў бюджэт.

Аляксандр Ярашук: Калі яны вернуць запазычанасць, то вобласць наогул застанецца без штаноў. Таму мой прагноз: калі і аддадуць нейкі адсотак ад гэтай сумы, то ён будзе зусім мізерны. І гэта пры лепшым раскладзе.

Адным словам, як заўжды, далі прыгожую карцінку для электарата, як кіраўнік краіны змагаецца за працвітанне дзяржавы, пашумелі, пастрашылі пальцам і на гэтым усё закончыцца.

А тыя запазычанасці, што ёсць, хутчэй за ўсё, пралангуюць, і з часам яны яшчэ больш павялічацца, бо амаль уся наша сельская гаспадарка (не толькі ў Віцебскай вобласці) стратная. І гэта ўсё будзе пераўтварацца ў той камень, які цягне эканоміку на дно.

РР: Чаму ў сельскай гаспадарцы склалася такая сітуацыя?

Аляксандр Ярашук: Таму што гэтая галіна ніколі не развівалася, як эканамічная. У разуменні нашай улады гэта найперш ідэалагічная галіна. Там з самага пачатку дыктаваліся і дыктуюцца цэны, па якіх сельскагаспадарчыя вытворцы павінны прадаваць дзяржаве прадукцыю. У нас жа не рынкавыя рэгуляванне цэнаў, а дзяржаўнае.

Чаму зараз беларускі цукар абсалютна не можа канкураваць з расейскім? Таму што ў Расеі ўсё-такі рынкавая эканоміка, а ў нас – камандна-адміністрацыйная. Для вытворцы губляецца ўсялякі сэнс працаваць, бо прадукцыю ўсё роўна забяруць за капейкі.

Адным словам, няма сапраўднай канкурэнцыі і самае галоўнае – няма гаспадара. Паглядзіце, колькі крадуць у сельскай гаспадарцы. Крадуць малако, угнаенні, канцэнтраты… Калі людзям плацяць мала, то яны самі дабіраюць за кошт крадзяжоў. Гэта такі сродак выжывання для народа.

Судносна, у гэтай галіне ідзе дэградацыя, бо няма зацікаўленасці да таго, каб гаспадарыць эфектыўна. А значыцца сельская гаспадарка прыходзіць у заняпад. Так, складанае становішча ў сельскай гаспадарцы ў Віцебскай вобласці, але хачу сказаць, што і астатнія рэгіёны недалёка адбеглі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя