Аляксандр Ярашук: Хоць да некага даходзіць відавочнае
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў, чаму прэм’ер-міністр крытыкуе дзяржаўныя прадпрыемствы і хваліць прыватнікаў.
“Эфектыўнасць дзяржаўнага сектара, калі меркаваць па прадукцыйнасці працы, ніжэйшая, чым на прыватных прадпрыемствах, – заявіў днямі беларускі прэм’ер-міністр Сяргей Румас. – Адна з асноўных – нізкая якасць кіравання прадпрыемствамі. Маю на ўвазе не толькі працу кіраўнікоў прадпрыемстваў, але і недастаткова эфектыўную сістэму нагляду з боку дзяржаўных органаў”.
Аляксандр Ярашук: Румас кажа правільныя словы, хоць да некага даходзіць відавочнае. Ва ўсім свеце прыватныя прадпрыемствы заўсёды больш эфектыўныя, чым дзяржаўныя, бо там ёсць гаспадар, які сам адказвае за вынікі сваёй працы.
А што датычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў, то хто імі кіруе? Чыноўнік, які па сутнасці ні перад кім не адказвае. Таму добра хаця б тое, што на ўзроўні ўрада сёння прыходзяць да такіх высноў. Але галоўнае, каб гэтае разуменне не зводзілася да адных толькі заяў. Трэба, каб ажыццяўляліся адпаведныя крокі, каб дзяржава перастала курыраваць эканоміку, а давала магчымасць развівацца бізнесу. У тым ліку, малому і сярэдняму.
РР: Атрымліваецца, што Румас крытыкуе сам сябе?
Аляксандр Ярашук: Справа ў тым, што ў нас ні ўрад, ні прэм’ер-міністр практычна нічога не вырашаюць. Яны закладнікі той палітыкі, якую ажыццяўляе прэзідэнт. І ў рэчышчы гэтай палітыкі прэм’ер вымушаны знаходзіцца. Нават у тым выпадку, калі ў яго іншыя, прагрэсіўныя погляды.
Ён вымушаны рабіць тое, што загадана зверху. Хаця многія ва ўрадзе цудоўна разумеюць, што наша эканоміка стаіць на месцы, мы губляем канкурэнтаздольнасць у свеце. Але, на вялікі жаль, не Румас выпрацоўвае палітыку і не ён прымае рашэнне, які змест павінен быць у эканамічнай палітыцы дзяржавы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя