Аляксандр Ярашук пра ролю прафсаюзаў у крызісны для краіны і эканомікі момант



Пра ролю прафсаюзаў у крызісны для краіны і эканомікі момант распавядае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Многія беларускія прадпрыемствы па-ранейшаму задыхаюцца ад крызіса, а разам з гэтым церпяць і рабочыя. Чым апошнім могуць дапамагчы прафсаюзы?

Аляксандр Ярашук: Афіцыйныя прафсаюзы, безумоўна, – самая буйная прафсаюзная арганізацыя, і было б няправільна казаць, што імі сёння абсалютна нічога не прадпрымаецца. Нейкія захады ўсё-такі ёсць. Але, на мой погляд, гэта крыху не тое, што патрабуецца для сапраўднай абароны правоў працоўных. Будзем глядзець праўдзе ў вочы – крызіс прыйшоў да нас надоўга. І тут супала некалькі чыннікаў. Гэта і наступствы сусветнага крызісу, і сур’ёзны ўплыў таго, што адбываецца ў Расеі. Але самае дрэннае, што гэта канчаткова падводзіць рысу пад збанкрутаваным эканамічным курсам беларускіх уладаў, якога яны прытрымліваліся апошнія гады. Прыкра не тое, што крызіс ёсць, а што ўлады не хочуць прызнаваць свае памылкі, каб выпрацоўваць новы эканамічны курс і новую эканамічную палітыку. Трэба пераходзіць ад адміністрацыйнай сістэмы кіравання да цывілізаванай рынкавай эканомікі. І, безумоўна, у такой сітуацыі важная роля належыць прафсаюзам, каб гэты перыяд належным чынам перажыць. Мне не верыцца ў тое, што ўлады адказна паставяцца ад ўзніклай сітуацыі і будуць браць новы эканамічны курс.

РР: Зараз ідзе скарачэнне рабочых, узрастае беспрацоўе… Магчыма, патрэбна нейкая адмысловая праграма занятасці і стварэння новых працоўных месцаў?

Аляксандр Ярашук: Яшчэ як патрэбна! Праз гэта праходзілі ўсе краіны (нашы блізкія і далёкія суседзі), якія сутыкаліся з такой сітуацыяй. А вось Беларусь застаецца прытрымлівацца парадкаў, якія былі яшчэ пры Саюзе. Правілы піша ўлады, эканоміка стала часткай палітычнай сістэмы краіны са спецыфічнымі функцыямі кантролю над рабочымі.

РР: Ці маюць зараз нейкі ўплыў незалежныя прафсаюзы?

Аляксандр Ярашук: Трэба казаць шчыра – нашы магчымасці вельмі абмежаваныя, каб браць на сябе амбіцыйную ролю па абароне ўсіх працоўных. Пры тым, што, безумоўна, мы ставім пытанні перад уладай. Хоць пераацэньваць значнасць легальных спробаў уплываць на сутнасць сацыяльнай палітыкі, напэўна, не даводзіцца. Ды і самі людзі пакуль церпяць тое становішча, у якое патрапілі. Сітуацыя ўсё-такі не да такой ступені драматычная, што заўтра рабочыя масава пачнуць падаваць галасы пратэсту. Я не бачу той велічыні праблемаў, з-за якіх яны пачалі б ладзіць акцыі пратэсту. З іншага боку трэба мець на ўвазе, што гаворка ідзе пра жорсткі аўтарытарны рэжым, у якім мы жывем. Тым больш, што Расея будзе і надалей падтрымліваць фінансава беларускую ўладу – гэта відавочна. Можа не ў той ступені, як было ў іншыя часы, але падтрымка будзе. Таму ўлады маюць магчымасць кантраляваць сітуацыю з “рабочымі масамі”. Знойдуць магчымасць і падтрымліваць на нейкім узроўні заробкі ў год прэзідэнцкіх выбараў. Прыкра толькі, што сёння працоўным асабліва няма на каго спадзявацца. Ні на ўладу, ні на прафсаюзы. Гэта сумны факт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bymedia.net