Аляксандр Ярашук: На выхадзе будзе поўны нуль
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакрытных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тое, ці будзе эканамічны эфект ад відазмененага дэкрэта аб “дармаедах”.
Нагадаем, што праект дэкрэта аб “дармаедах” ужо падрыхтаваны, дакумент змяніў не толькі назву, але і метады працы – зараз замест падатку для “дармаедаў” плануецца ўвесці кампенсацыю сацыяльных выдаткаў. Як на справе ўсё гэта будзе працаваць?
Аляксандр Ярашук: Варта чакаць новага этапа бюракратызацыі, таму што невядома, якім чынам будуць шукаць тых людзей, якія карыстаюцца сацыяльнымі ільготамі, але не працуюць. І як будуць вызначаць, хто мае права карыстацца тымі самымі ільготамі, а хто не мае. Гэта ж з кожным асобным выпадкам трэба будзе індывідуальна разбірацца. Таму мяркую, што сітуацыя няўхільна ідзе да поўнага тупіка. Відаць, упартасць улады і нежаданне прызнаваць відавочнае штурхае яе да такіх непапулярных крокаў. Хаця можна было б проста поўнасцю адмяніць рашэнне. Але замест гэтага праблема ствараецца на роўным месцы.
РР: Не верыце, што для дзяржавы будзе нейкі эканамічны эфект?
Аляксандр Ярашук: На выхадзе будзе поўны нуль. Хаця ў той жа час можна прагназаваць, што з нагоды прыняцця відазмененага дакумента не будзе нейкіх пратэстаў, таму што сур’ёзна звузілася кола тых, каму адрасуецца дэкрэт. Найперш ён закране людзей, якія сацыяльна неабароненыя. Таму прагназую, што напружанасці ў грамадстве не будзе, але і дзяржава бонусаў не атрымае. Больш за тое – на пошукі так званых “дармаедаў” кінуць вялікую бюракратычную машыну, якой трэба будзе аплочваць вялізную працу. Гэта вельмі складна зрабіць цывілізаваным шляхам, таму, напэўна, ніводная дзяржава гэтым і не займаецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя