Аляксандр Ярашук: У СССР таксама змагаліся з дармаедамі



«Падатак на дармаедства» – спроба адраджэння сістэмы прымусовай працы. Пра гэта заявіў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Па яго словах, гэта вяртанне да савецкіх традыцый. У СССР таксама змагаліся з дармаедамі. Але сёння барацьба з беспрацоўем павінна весціся іншымі метадамі – не камандна-адміністрацыйнымі, – лічыць Аляксандр Ярашук.

Трэба лібералізаваць эканоміку, стварыць умовы для буйнога, сярэдняга і малога бізнесу, каб ствараліся новыя працоўныя месцы. Тады б напэўна 50 тыс ці нават сотні тысяч з тых 500 тыс знайшлі б сабе прымяненне ў краіне. Гэтым трэба займацца. Гэта праблемы, якія не вырашаюцца адміністрацыйна, што хоча зрабіць наша ўлада. Яны вырашаюцца за кошт прынцыповага змянення эканамічнага курсу, пераходу ад камандна-адміністрацыйнай да цывілізаванай рынкавай эканомікі.

Наша ўлада асаблівым чынам ўладкаваная і не хавае настальгіі па часах, калі ўсе хадзілі ладам. Тут спроба зрабіць тое ж самае па лякалах савецкіх часоў ўжо ў новую гістарычную эпоху і ў новых умовах. Улады спрабуюць выбудаваць сістэму прымусу да працы, гэта менавіта так і называецца. Пры гэтым прымусовая праца асуджаецца ва ўсім свеце, у прыватнасці, Міжнароднай арганізацыяй працы, – падкрэсліў кіраўнік незалежных прафсаюзаў у інтэрв“ю Хартыі-97.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belprauda.org