Аляксандр Ярашук: Улады любяць зазірнуць у кішэні сваіх грамадзян



Старшыня Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў новую ініцыятыву Міністэрства па падатках і зборах.

Міністэрства па падатках і зборах вярнулася да ідэі аб стварэнні базы з пашыранай інфармацыяй пра даходы насельніцтва. На думку падаткавікоў, такая база неабходная для прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый па выяўляльным прынцыпе.

Аляксандр Ярашук: Гэта, натуральна, добра ведаць і разумець, што ў краіне рэальна адбываецца з даходамі насельніцтва, але, як кажуць, д’ябал хаваецца ў дэталях. Таму ўзнікае лагічнае пытанне: якім чынам дзяржава затым збіраецца выкарыстоўваць сабраную інфармацыю? Вось гэта галоўнае!

Мы ж ведаем, што нашы ўлады любяць зазірнуць у прыватнае жыццё сваіх грамадзян і іх кішэні, і ў сваім памкненні не абмяжоўваюць сябе нічым. З гэтай нагоды можна меркаваць, што будуць заглядваць не толькі ў шчыліну дзвярэй, але дазволяць сабе і парушэнне правоў асобы. У Беларусі гэта ніколі не было праблемай для ўладаў. І менавіта гэта выклікае заклапочанасць: якім чынам дзяржава плануе збіраць базу даходаў насельніцтва і затым выкарыстоўваць яе?

РР: На ваш погляд, ці стануць у будучым больш празрыстыя для грамадства даходы чыноўнікаў?

Аляксандр Ярашук: Даходы чыноўнікаў – гэта свяшчэнная карова, якую чапаць ні ў якім разе нельга. Гэтыя «дзяржаўныя людзі» карыстаюцца статусам недатыкальнасці, калі інтарэс праяўляе грамадства. Іх толькі беларускі кіраўнік можа «раскулачваць».

І чыноўнікі сярэдняга і ніжэйшага звяна, і вышэйшыя дзяржаўныя служачыя – гэта звёны аднаго ланцуга. Чыноўнікі – гэта апірышча вярхоўнай улады, таму людзі не дачакаюцца сапраўднай празрыстасці іх прыбыткаў. Пра гэта даведваюцца ў асноўным тады, калі чарговага чыноўніка адпраўляюць у турму за карупцыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя