Аляксей Харкевіч: Спроба ўвядзення адзінай валюты выглядае даволі дзіўна



Прэм’ер-міністр расейскага ўраду Дзмітрый Мядзведзеў звязаў пытанне атрымання Беларуссю дадатковых крэдытаў ад Расейскай Федэрацыі з увядзеннем “адзінай валюты” і стварэннем наднацыянальных органаў так званай Саюзнай дзяржавы. Гэтую інфармацыю распаўсюдзіла расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС.

Паводле рэдактара партала дзелавых навінаў rynak.by Аляксея Харкевіча, спроба ўвядзення адзінай валюты ў саюзе дзвюх краінаў з настолькі рознымі эканамічнымі мадэлямі выглядае даволі дзіўна.

– Канешне, найперш прыходзіць у галаву, што валюта больш моцнага гульца мусіць стаць асноўнай. Таму складана ўявіць, як будзе сябе паводзіць беларускі бок на гэтых перамовах. Але раней ужо агучваліся розныя варыянты і ў тым ліку, што гэта будзе нейкі наднацыянальны эмісійны цэнтр, які будзе выдаваць новую валюту. Зразумела, што большая верагоднасць таго, што  гэта будзе ўсё ж такі расейскі рубель.

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю радыёстанцыі “Эхо Москвы” заўважыў, што пытанні ўвядзення адзінай валюты і стварэння наднацыянальных органаў з ягоным расейскім калегам Уладзімірам Пуціным не абмяркоўваліся.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель