Амаль 70% суб’ектаў гаспадарання незадаволеныя дыялогам бізнесу і ўлады
66,7% суб’ектаў гаспадарання незадаволеныя дыялогам бізнесу і ўлады. Такія вынікі апытання „Індэкс дзелавога аптымізму” паведаміў старшыня вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Андрэй Капыток 19 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску, прысвечанай Тыдню беларускага прадпрымальніцтва, які пачаўся сёння.
Паводле яго слоў, анкеты былі накіраваныя 75 тысячам суб’ектаў прадпрымальніцтва, атрыманыя адказы ад 21 тысячы з іх.
Як паведаміў Капыток, на пытанне „Ці задаволеныя вы станам дыялогу бізнесу і ўлады?” 17% адказалі сцвярджальна, 15,6% не змаглі адказаць, 66,7% — не задаволеныя.
Таксама, паводле яго слоў, было зададзенае пытанне аб ступені важнасці прынятага ўказу № 143 аб падтрымцы прадпрымальніцтва ў перыяд пандэміі. Так, 7,1% адказалі, што ўрад стварыў спрыяльныя ўмовы, 31,9% не ведаюць пра такі ўказ. Пра тое, што ўказ не працуе, адказала 38,3% апытаных.
„Мы і нашы партнёры актыўна ўдзельнічаем у канструктыўным дыялогу бізнесу і ўлады. Канфедэрацыя перадае інфармацыю, якая тычыцца дзелавой супольнасці, але мы адзначаем і слабое ўцягванне прадстаўнікоў бізнесу ў дыялог і няведанне законаў, якія прымаюцца, і мер падтрымкі. Хаця інфармацыя даступная, актыўна міністэрствы і ведамствы праводзяць грамадска-кансультатыўныя саветы, па ўсёй краіне створаныя саветы па развіцці прадпрымальніцтва, куды дэлегаваныя прадстаўнікі канфедэрацыі і дзелавой супольнасці. Слабое ўцягванне асобных прадпрымальнікаў не дае нам магчымасці распавесці, што адбываецца ў дзелавой супольнасці, якія ўказы і законы выходзяць для таго, каб палепшыць дзелавое асяроддзе, бізнес-клімат, вядзенне гаспадарчай дзейнасці”, — адзначыў Капыток.
На яго думку, указ № 143 адыграў сваю ролю ў падтрымцы прадпрымальніцтва, ён пралангіраваны і працягвае працаваць. На думку кіраўніка канфедэрацыі, станоўчыя моманты былі, але апытанне паказала, што не ўсе гэта адчулі, траціна апытаных нават пра яго не чула. „Неактыўная праца прадпрымальнікаў па ўключэнні ў дыялог улады і бізнесу нас засмучае, трэба задумацца, каб на месцах, у рэгіёнах, у саміх прадпрымальнікаў з’явілася ініцыятыва, каб знаходзіцца ў гэтых працэсах абмеркавання і канструктыўнага дыялогу бізнесу, улады і грамадзянскай супольнасці. Лічба апытання пацвярджае, што бізнес слаба залучаны ў гэты дыялог”, — падсумаваў Капыток.
Паводле яго інфармацыі, у межах Тыдня пройдзе каля 200 мерапрыемстваў, а асноўнай падзеяй стане III Рэспубліканскі дзелавы форум „Развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі: Стратэгія. Прыярытэты. Перспектывы кансалідацыі”, які адбудзецца 21 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Фота: pixabay.com