Амбасадар Петрышэнка: Беларуская малочная прадукцыя гарантуе якасць



„Беларусь пастаўляла, пастаўляе і будзе пастаўляць толькі якасную малочную прадукцыю на расейскі рынак, і ніякім чынам мы не можам, не павінны і не будзем губляць нашага расейскага спажыўца”, — заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка ў інтэрв’ю РИА Новости, апублікаваным 3 ліпеня.

„Тым больш, патрэба ў якаснай малочнай прадукцыі ёсць, і хто, як не мы, павінны замяшчаць свабодныя ёмістасці рынку Расеі”, — дадаў ён.

„У нас няма спецыяльных ліній вытворчасці для ўнутранага рынку — і ў саму Беларусь, і на экспарт пастаўляюцца абсалютна аднолькавыя тавары, — падкрэсліў амбасадар. — Мы пастаўляем больш чым у 90 краін свету, і нідзе мы не атрымлівалі столькі прэтэнзій, колькі мы атрымліваем ад Рассельгаснагляду. І, на нашу думку, яны не заўсёды адэкватныя і абгрунтаваныя з пункту гледжання выразнага захавання норм, правілаў і параметраў, якія існуюць у нашым Еўразійскім эканамічным саюзе”.

Петрышэнка адзначыў, што гэта не толькі яго меркаванне. „Гэта меркаванне ЕЭК, якой дэлегаваныя паўнамоцтвы забяспечваць маніторынг, кантроль і выкананне выканання той прававой базы, якая прынята ў сферы перамяшчэння паднагляднай прадукцыі, ветэрынарнага, фітасанітарнага кантролю. Мы гэтыя правілы пісалі разам, і давайце па іх разам гуляць”, — сказаў беларускі дыпламат.

„Ёсць парадак. Калі вы плануеце ўвесці абмежаванне, па-першае, яго нельга ўводзіць на ўсю групу прадукцыі, яно павінна ўводзіцца ў адпаведнасці з пэўнымі працэдурнымі аспектамі і з апавяшчэннямі. І толькі па асобным кірунку, але не па ўсёй групе тавараў і па ўсім рэгіёне. І толькі ў выпадку эпізадычнай абстаноўкі. Усё, іншых умо няма”, — заявіў амбасадар.

Паводле яго слоў, дыялог паміж беларускай ветэрынарнай службай і Рассельгаснаглядам „не спыняўся ні на хвіліну”. „Ёсць даручэнне на ўзроўні ўрадаў, актыўна працуюць нашы Мінсельгасы, і я думаю, што тыя так званыя непаразуменні, звязаныя з залішнімі абмежаваннямі, якія ўводзяцца ў дачыненні да нашых прадпрыемстваў, будуць знятыя”, — сказаў Петрышэнка.

Ён таксама заявіў, што ў Беларусі ёсць падставы для таго, каб аспрэчыць рашэнні Рассельгаснагляду ў судовых інстанцыях. „Але мы лічым, што ў нас ёсць іншыя механізмы, акрамя судовых інстанцый, каб вырашыць сітуацыю — ёсць пляцоўка Саюзнай дзяржавы, ёсць ЕЭК, ёсць рабочая група па сельскай гаспадарцы”, — дадаў амбасадар. „Мы лічым, што на дадзеным этапе ў нашых двухбаковых адносінах нам звяртацца па дапамогу судовых інстанцый не варта. Мы ў стане выпрацаваць узгодненыя меры, знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні без прыцягнення судовых інстанцый”, — мяркуе беларускі дыпламат.

На пытанне, якія патрэбныя дадатковыя меры, каб не дапусціць новых малочных войн, Петрышэнка адказаў: „Я б не называў гэта малочнымі войнамі  гэта прэтэнзіі. І ў нас ёсць яшчэ адна праблема — рашэнні па закрыцці паставак з таго ці іншага прадпрыемства прымаюцца вельмі хутка , а потым мы ходзім па Рассельгаснагляду і шукаем таго, хто можа адкрыць. Часам працэс займае да года, нягледзячы на наяўнасць усіх дакументаў”.

6 чэрвеня Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі ў Расею амаль усяго беларускага малака. 9 чэрвеня Рассельгаснагляд і дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі падпісалі дарожную карту па працэдуры зняцця ўзаемных абмежавальных мер у пастаўках малочнай прадукцыі. 11 чэрвеня Расія дазволіла пастаўкі для шасці беларускіх вытворцаў.

belapan.by