Аналітыкі „Ашчадбанка” бачаць рызыкі хуткага распаўсюджвання COVID-19 у Беларусі
У сувязі з адмовай уладаў уводзіць каранцінныя меры глыбокага эканамічнага спаду, магчыма, удасца пазбегнуць, але пры гэтым краіна можа сутыкнуцца з больш сур’ёзнай медыцынскай праблемай. Такая ацэнка змяшчаецца ў аглядзе, які падрыхтаваў цэнтр макраэканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”.
Як адзначаюць аналітыкі, свядомая адмова ад ўвядзення каранцінных мер дазволіла беларускай эканоміцы прадэманстраваць меншы спад у параўнанні з іншымі краінамі рэгіёна, „прычым нават нягледзячы на прыпыненне паставак нафты у пачатку года”.
„Паводле нашай ацэнкі, эканоміка Расеі скарацілася ў красавіку на 10—15% (у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года), Украіны — на 11%, Казахстана — на 7,5%, а зніжэнне выпуску ў Беларусі склала 4,3%”, — гаворыцца ў аглядзе.
Аднак у такой палітыкі ўладаў Беларусі ёсць і зваротны бок, падкрэсліваюць у „Ашчадбанку”. „Зваротным бокам адносна нядрэнных вынікаў стаў імклівы рост колькасці хворых. Як у абсалютным, так і ў адносным выражэнні Беларусь істотна апярэджвае вышэйпералічаныя краіны па колькасці інфікаваных”, — адзначаюць яны.
Беларуская эканоміка, згодна з ацэнкай экспертаў, „знаходзіцца ў цяжкім стане з-за падзення цэн на нафту і рэзкага сціскання знешняга попыту”. „Зніжэнне попыту прымушае прадпрыемствы павялічваць рэшткі на складах: запасы гатовай прадукцыі на 1 мая складалі 79% ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці супраць 65% годам раней”, — гаворыцца ў аглядзе.
Раней аналітыкі „Ашчадбанка” прагназавалі, што з-за зніжэння знешняга попыту эканоміка Беларусі сёлета можа скараціцца на 6—8%. У сувязі з адмовай уладаў уводзіць каранцінныя меры глыбокага эканамічнага спаду, магчыма, удасца пазбегнуць, але пры гэтым краіна можа сутыкнуцца з больш сур’ёзнай медыцынскай праблемай.
„Мы зрушваем дыяпазон скарачэння ВУП з папярэдніх 6—8% да 4—6%, асобна адзначаючы наяўнасць істотных рызык, звязаных з хуткім распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ўнутры краіны”, — падкрэсліваюць эксперты.
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, на 1 чэрвеня ў Беларусі было 43.403 пацверджаныя выпадкі каранавіруснай інфекцыі COVID-19, памерла 240 чалавек.
Фота: МН