Аналітыкі „Ашчадбанка”: Нацбанк Беларусі спрабуе знізіць націск на курс
Нацыянальны банк Беларусі, абмяжоўваючы грашовую прапанову, спрабуе знізіць націск на валютны рынак, аднак у жорсткага кантролю над грашовай прапановай ёсць і негатыўныя наступствы. Такая выснова прыводзіцца ў аглядзе, які падрыхтавалі аналітыкі Цэнтра эканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”.
Каментуючы дзеянні Нацбанка Беларусі, эксперты звярнулі ўвагу, што на мінулым тыдні рэгулятар працягнуў на тры месяцы (да 19 студзеня) рашэнне аб абмежаванні давання рублёвай ліквіднасці камерцыйным банкам.
„Нацыянальны банк працягвае стрымліваць націск удзельнікаў рынку на курс нацыянальнай валюты, які рэзка ўзмацніўся на хвалі палітычнага крызісу”, — адзначаюць аналітыкі „Ашчадбанка”.
На іх думку, вынікі правядзення падобнай палітыкі праілюстравала вераснёвая статыстыка валютнага рынку і міжнародных рэзерваў.
„Калі ў жніўні насельніцтва на чыстай аснове набыло 622 млн даляраў, то ў верасні — 55 млн даляраў. І кампаніі, і банкі ў верасні сталі чыстымі прадаўцамі замежнай валюты. Як вынік, пасля рэкорднага скарачэння золатавалютных рэзерваў у жніўні на 1,4 млрд даляраў у верасні зніжэнне склала 136 млн даляраў”, — канстатуюць аналітыкі „Ашчадбанка”.
Разам з тым, зазначаюць яны, у жорсткага кантролю над грашовай прапановай існуюць і негатыўныя наступствы.
„Ва ўмовах адтоку ўкладаў і мараторыя на даванне ліквіднасці з боку Нацбанка, банкі былі вымушаныя спыніць крэдытаванне рэальнага сектара. Цяпер некаторыя банкі спрабуюць перазапусціць праграмы крэдытавання, але прапанаваныя ўмовы наўрад ці зробяць такія прадукты папулярнымі”, — адзначаюць эканамісты „Ашчадбанка”.
Яны звяртаюць увагу, што ў асобных банках стаўкі па спажывецкіх крэдытах перавысілі 30% гадавых.
„Як паведамляюць адкрытыя крыніцы, праверыць якія даволі праблематычна, у супрацьпастаўленне прыватнаму сектару дзяржаўныя прадпрыемствы атрымліваюць маштабную падтрымку ў выглядзе льготнага фінансавання. Крэдыты выдаюцца пад гарантыі ўрада і мясцовых выканкамаў праз дзяржбанкі і накіроўваюцца на выплаты зарплат і забеспячэнне бягучай дзейнасці”, — канстатуюць эксперты.
Магчыма, мяркуюць яны, менавіта таму, нягледзячы на эканамічны спад і зніжэнне прадукцыйнасці працы, у бягучым годзе ў Беларусі працягваецца рост зарплат у рэальным выражэнні. На думку аналітыкаў „Ашчадбанка”, у падобных метадаў падтрымкі эканамічнай актыўнасці існуюць „сур’ёзныя рызыкі”.