Аналітыкі „Ашчадбанка”: Рэзервы Беларусі крытычна нізкія



Золатавалютныя рэзервы Беларусі зменшыліся да крытычна нізкага ўзроўню. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі расійскага «Ашчадбанка», каментуючы дынаміку беларускіх рэзерваў у пачатку года.

Эксперты канстатуюць, што за студзень золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 3,6%, або на 149 млн. долараў, да 4 млрд. даляраў.

«На гэты момант гэта не больш як 1,8 месяца пакрыцця будучага імпарту, што крытычна мала. Крытычным узроўнем лічыцца аб’ём ЗВР, пры якім забяспечваюцца тры месяцы пакрыцця імпарту», — гаворыцца ў эканамічным аглядзе цэнтра макраэканамічных даследаванняў «Ашчадбанка».

На думку экспертаў, асноўнымі прычынамі зніжэння аб’ёму золатавалютных рэзерваў сталі выплаты па знешнім доўгу і валютныя інтэрвенцыі Нацбанка на міжбанкаўскім рынку. „Рост золатавалютных рэзерваў у найбліжэйшыя месяцы малаверагодны”, — лічаць аналітыкі.

Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі, якія падрыхтаваў Нацбанк, прадугледжваюць, што ў 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі вырастуць на 300 млн. долараў. Чакаецца, што рост рэзерваў будзе забяспечаны ў выніку атрымання новых крэдытаў ад міжнародных фінансавых арганізацый.

Першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі заявіў у студзені на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, што новую праграму з МВФ Беларусь можа пачаць у студзені-лютым. Разам з тым у прадстаўніцтве фонду ў Менску БелаПАН у пачатку года заявілі, што некаторыя пытанні ў перамовах з беларускімі ўладамі „застаюцца адкрытымі”.

Беларусь ў 2016 годзе таксама разлічвае атрымаць новы крэдыт ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, які больш чым на 80% фармуецца за кошт расійскіх сродкаў.

Пасля сустрэч з кіраўніцтвам Расеі, што адбыліся ў лютым у Сочы, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расійскія ўлады гатовыя падтрымаць беларускую эканоміку.

БелаПАН