Аналітыкі „Ашчадбанка”: Стан беларускай эканомікі пачаў пагаршацца
Стан беларускай эканомікі пачаў пагаршацца. Да такой высновы прыйшлі аўтары агляду, падрыхтаванага цэнтрам эканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”.
„Пацвярджаючы нашы папярэднія чаканні, стан беларускай эканомікі пачаў пагаршацца. У студзені—верасні хуткасць скарачэння ВУП не змянілася ў параўнанні са студзенем—жніўнем, склаўшы -1,3%. Аднак пры пераходзе да месячных тэрмінаў такія вынікі азначаюць змену росту ў жніўні на 0,8% скарачэннем на 1,3% у верасні”, — гаворыцца ў аглядзе.
Найбольшы негатыўны ўнёсак у дынаміку ВУП у студзені—верасні ў транспартнай галіны (-0,6%), за ёй ідуць прамысловасць (-0,4%) і гандаль (-0,3%).
Аналітыкі „Ашчадбанка” асацыююць негатыўную дынаміку ў эканоміцы Беларусі з дзеяннем двух галоўных фактараў — другой хваляй пандэміі і палітычным крызісам.
„Беларусь, як і многія іншыя краіны, сутыкнулася з другой хваляй пандэміі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, якая схільная некалькі аптымістычна ацэньваць сітуацыю, колькасць новых хворых у дзень вырасла са 125 чалавек у жніўні да 219 у верасні і 596 у кастрычніку. Наўрад ці гэтыя звесткі дакладна адлюстроўваюць эпідэміялагічнае становішча ў краіне, аднак імклівы рост інфікавання можа сведчыць пра хуткае распаўсюджванне віруса”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Як адзначаюць аналітыкі, другая хваля робіць націск на эканамічныя паказчыкі адразу па двух каналах — абмяжоўваючы як знешні, так і ўнутраны попыт. У прыватнасці ў Расіі, якая з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі, у верасні прыпынілася аднаўленне эканамічнай актыўнасці.
„Акрамя таго, у краіне працягваецца палітычны крызіс, які выклікаў прыпыненне крэдытавання. Статыстыка банкаўскага сектара, якая выйшла на мінулым тыдні, праілюстравала першыя наступствы турбулентнасці. Партфель выдадзеных спажывецкіх крэдытаў скараціўся ў верасні на 1,6% пасля росту на 2,5% у жніўні”, — адзначаюць эксперты.
„Іпатэка, наадварот, хутка расла, прычым рэкорднымі тэмпамі +1,8%. Хутчэй за ўсё, банкі працягвалі выдаваць крэдыты па раней ухваленых заяўках. У такім выпадку мы ўбачым больш рэзкую рэакцыю рынку ў кастрычніку, што дазволіць праверыць гэты тэзіс”, — робяць выснову прадстаўнікі „Ашчадбанка”.