Аналітыкі: курс долара ў год прэзідэнцкіх выбараў будзе стабільным



Сітуацыя на валютным рынку ў 2020 годзе будзе спакойнай, а курс долара ў год прэзідэнцкіх выбараў застанецца стабільным, прагназуюць фінансавыя аналітыкі.

На думку экспертаў, унутраныя прычыны для ўзнікнення валатыльнасці на валютным рынку адсутнічаюць і наўрад ці з’явяцца ў новым годзе.

„Урад і Нацбанк пацвярджаюць прыхільнасць узважанай бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыцы. Таму пры базавым сцэнары, калі шокі звонку да нас не прыйдуць, валютны курс беларускага рубля будзе заставацца ў 2020 годзе даволі стабільным”, — адзначыў у каментары БелаПАН фінансавы аналітык Аляксандр Муха.

Падобнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя эксперты фінансавага рынку.

Да канца 2020 года афіцыйны курс долара можа скласці 2 рублі 14 капеек, прагназуе старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі. Цяпер афіцыйны курс знаходзіцца на адзнацы 2 рублі 10 капеек.

„Курс беларускага рубля будзе карэляваць з дынамікай валютнага курсу расійскага рубля. У сваю чаргу, лёс расійскай валюты будзе залежаць ад дынамікі цэн на нафту. Чакаецца, што кошт вуглевадароднай сыравіны будзе расці ў 2020 годзе”, — адзначыў у каментары БелаПАН Палхоўскі.

Таму можна меркаваць, што ў новым годзе курс і расійскага, і беларускага рубля будзе стабільным, лічыць Палхоўскі.

На думку эксперта, калі ўсё ж на валютным рынку Беларусі з-за ўплыву знешніх фактараў узнікне пэўная валатыльнасць, у Нацбанка дастаткова рэсурсаў, каб згладжваць часовыя ваганні валютнага курсу рубля.

„Узровень золатавалютных рэзерваў назапашаны дастаткова сур’ёзны (больш за 9 млрд долараў), таму ў год прэзідэнцкіх выбараў мы наўрад ці сутыкнемся з сур’ёзнай валатыльнасцю на валютным рынку”, — мяркуе Палхоўскі.

belapan.by