Анатоль Лябедзька: Зрушыць валун са шляху малога бізнесу
“Зрушыць валун са шляху малога бізнесу”. З такой прапановай у час нядаўняй паездкі ў Берасце выступіў Анатоль Лябедзька.
Цяпер жа лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі заяўляе пра пачатак кампаніі, скіраванай на тое, каб у крымінальным кодэксе не было артыкула пра пераслед за так званую “незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць”:
– Мы пачалі кампанію зборам подпісаў у Берасці. Працягнем яе ўжо ў гэтую суботу ў Воршы, дзе пойдзем на рынкі і будзем раздаваць інфармацыйныя матэрыялы. Будзем збіраць подпісы за адмену артыкула аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за так званую незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Такога няма ў заканадаўстве ніводнай еўрапейскай краіны. І гэта насамрэч той валун, які ляжыць на дарозе і перашкаджае рухацца наперад. У нядзелю мы будзем сустракацца з прадпрымальнікамі ў Магілёве.
Другі пункт кампаніі, пра якую абвясціў палітык – гэта стварэнне аргкамітэтаў рабочых груп, якія будуць рыхтаваць рэгіянальныя канферэнцыі з удзелам дробнага бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў. Не выключана запрашэнне на іх прадстаўнікоў мясцовых уладаў.
Таксама Анатоль Лябедзька звяртае ўвагу на тое, што супраца АГП і прадпрымальнікаў пачалася не цяпер, і яна ахоплівае таксама і палітычныя аспекты:
– Мы маем у нашым спісе магчымых кандыдатаў у дэпутаты- 13-14 чалавек прадстаўнікоў дробнага бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта вялікі файл, па якім мы працуем. Ёсць розныя накірункі ўзаемадзеяння: і збор подпісаў, і правядзенне канферэнцый з экспертамі, з выпрацоўкай рэкамендацый па вырашынні праблемнай сітуацыі для мясцовых і рэспубліканскіх уладаў, і чыста палітычная супрацоўніцтва ў час парламенцкай кампаніі.
У той жа час, паводле палітыка, пераслед за так званую “незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць” – гэта перашкода, якая замінае як прыцягненню інвестыцый у Беларусь, так і стварэнню новых працоўных месцаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.