Анатоль Шапавалаў: Бюджэт губляе курэй, якія неслі залатыя яйкі



Лідар віцебскага аддзялення РГА “Перспектыва” Анатоль Шапавалаў распавядае, чаму сёння чыноўнікі з аблвыканкамаў падтрымліваюць прадпрымальнікаў.

Анатоль Шапавалаў: У мінулую нядзелю ў Віцебску, як і па ўсёй Беларусі, прадпрымальнікі практычна не працавалі. Выйшлі на працу толькі тыя, у каго былі дакументы на тавар. Іх не вельмі шмат – каля 20 працэнтаў ад агульнай колькасці.

РР: Што далей?

 Анатоль Шапавалаў: Далей прадпрымальнікі будуць чакаць, бо ўжо ніхто нікому не верыць. Пакуль не будзе афіцыйнага дакумента, што прадстаўнікі малога бізнеса могуць спакойна працаваць, на работу людзі не пойдуць.

РР: Ёсць інфармацыя, што магілёўскіх прадпрымальнікаў чыноўнікі з мясцовага аблвыканкама запэўнілі, што тыя могуць працаваць у гэтым месяцы поўнасцю па правілах мінулага…

 Анатоль Шапавалаў: Нам ніхто нічога не тлумачыў, але я ведаю, што аблвыканкамы насамрэч выступаюць за тое, каб прадпрымальнікі працавалі так, як і раней.

 РР: Губляюць курэй, якія нясуць для мясцовага бюджэта залатыя яйкі?

Анатоль Шапавалаў: Безумоўна. Нават на прадпрымальніцкіх форумах чыноўнікі выступалі і выходзілі з прапановамі, каб нам далі спакойна працаваць. Выканкамы, бюджэты баяцца згубіць вялізныя грошы! Дзе яны іх возьмуць узамен? У дзяржаўных прадпрыемстваў, якія самі колам стаяць і чакаюць, каб хто ім грошай падкінуў?

 РР: Але ж, здаецца, малому бізнесу далі невялікую палёгку да чэрвеня гэтага году?

Анатоль Шапавалаў: Так, прыпынілі дзеянне дакумента па штрафных санкцыях, але ў той час адкрылі шырокія перспектывы для новых штрафаў. У гэтым плане амаль нічога не змянілася. А людзі зараз граматныя, усе разумеюць, што адбываецца. Таму пакуль будзем чакаць, што там урада распрацуе і да чаго прыйдзе. Бо, калі ў Расеі няма сертыфікатаў, то чаму яны павінны быць у Беларусі? У нас жа адзіны саюз і адзіная эканамічная прастора.

РР: На ваш погляд, ці могуць адмяніць Указ N-222, які рэгламентуе дзейнасць прадпрымальнікаў па новых правілах?

Анатоль Шапавалаў: Мне падаецца, што не для таго яго прымалі, каб так хутка адмяняць. Па меншай меры год дакумент павінен адпрацаваць. Але, можа быць, нешта прыдумаюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя