Анатоль Шумчанка: Адтэрміноўка «шытая белымі ніткамі»



„Ніхто не бачыў ніякіх дакументаў пра перанос указа аб кантролі за выкананнем тэхрэгламентаў Мытнага саюза на тры месяцы”, – кажа кіраўнік арганізацыі прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Таму індывідуальныя прадпрымальнікі па-ранейшаму ў чаканні першага сакавіка. З гэтай даты прадаваць тавары без сертыфікатаў адпаведнасці тэхрэгламенту Мытнага саюза забаронена:

– Яшчэ нічога не зразумела. Гэтага ўказу мы не бачылі. Тым больш – не чыталі. Я званіў у дзяржстандарт, мне сказалі, што яны яго не рыхтавалі, нічога не ведаюць і каментароў не даюць, маўляў, тэлефануйце ў наглядны органы. З гэтага адказу зусім не зразумела, аказваецца, дзяржстантарт абсалютна не ў курсе. Што датычыць 222-га указа, дык сёння праходзіць сустрэча падаткавай, яны сведчаць, што ніякіх падоўжанняў не будзе, указ мяняцца не будзе, таму тут усе гэтыя адтэрміноўкі «шытыя белымі ніткамі».

Паводле ранейшых паведамленняў, Аляксандр Лукашэнка 20 лютага падпісаў указ №90, які прыпыняе да 1 чэрвеня дзеянне ўказа ад 9 лютага «Аб мерах па забеспячэнню дзяржаўнага кантролю за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». Паводле ўказа, уводзіцца адміністрацыйная адказнасць юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў за парушэнні патрабаванняў тэхрэгламентаў Мытнага саюза ды Еўразійскай эканамічнай супольнасці.

Прадпрымальнікі адзначаюць, што па новых правілах працаваць немагчыма і рыхтуюцца з 1 сакавіка згортваць гандлёвыя кропкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя