Анатоль Шумчанка: “Беллегпраму” пастаянна нехта перашкаджае працаваць
Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавядае, якім чынам могуць рэаарганізаваць сэканд-хэнды, і што з гэтага атрымаецца.
Новая кіраўніца “Беллегпрама” Таццяна Лугіна заявіла, што гандаль сэканд-хэндам патрабуе дадатковага рэгулявання.
Анатоль Шумчанка: Калі чыноўніца агучыла такую прапанову, то нейкія захады, відаць, будуць рабіць у гэтым накірунку. Наколькі мне вядома, такія планы ва ўлады ёсць. Іншая справа, што пасля вышэй згаданай заявы ўзнялася хваля абурэння ў адрас таго ж “Беллегпрама” і ўвогуле ў бок улады, якая не хоча думаць пра малазабяспечаных людзей. І ў такім выпадку працэс рэгулявання можа быць скарэктаваны. Але, як бачым, нашы ўлады без ворагаў жыць не могуць. І “Беллегпраму” пастаянна нехта перашкаджае працаваць.
РР: А якую небяспеку нясуць тыя ж сэканд-хэнды “Беллегпраму”?
Анатоль Шумчанка: “Беллегпрам” не вытрымлівае канкурэнцыі, бо ў сэкандах прадаюцца вельмі танныя, але ў той жа час якасныя тавары. Натуральна, многія людзі, якія маюць невялікі заробак, аддае перавагу замежным вытворцам.
Таму такое “ўрэгуляванне” – гэта будзе, па-першае, ударам па малазабяспечаных людзях. І, па-другое, святое месца пустым не застаецца. Калі рэарганізуюць сэканд-хэнды, то на іх месца адразу прыйдуць спрытныя хлопцы з Азіі з таннымі таварамі, якія і так ужо размясцілі свае гандлёвыя кропкі па ўсёй краіне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя