Анатоль Шумчанка: Будзе развівацца ценявы сектар эканомікі
Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка пракаментаваў рашэнне, якое значна абцяжарвае працу індывідуальных прадпрымальнікаў.
Нагадаем, што з 9 ліпеня ІПэшнікам забароняць купляць тавар за мяжой за наяўныя сродкі.
Анатоль Шумчанка: “Перспектыва” з гэтай нагоды, безумоўна, не маўчыць і б’е ва ўсе званы. Ужо напісалі ліст у Савет міністраў, Міністэрства эканомікі і ў Нацыянальны банк.
Таксама пайшла кампанія, каб ІПэшнікі ў індывідуальным парадку звярталіся па электроннай пошце ва ўрад па гэтай праблеме.
РР: Забарона купляць тавар за наяўныя грошы ўдарыць найперш па дробных прадпрымальніках?
Анатоль Шумчанка: Менавіта па іх, і гэта зробіць практычна немагчымым вядзенне такога бізнеса па законе. Таму што расейскія партнёры проста не захочуць звязвацца, калі, умоўна кажучы, за тры сумкі шкарпэтак трэба будзе плаціць па безнаяўным разліку. Так разлічвацца зручна тым, хто заказвае вялікія партыі тавара. Тады атрымліваецца невялікі дадатак да кошту.
Увогуле, у нас 70 адсоткаў тавару прадпрымальнікі закупляюць у Расеі. А як туды паступае гэты тавар? Чаму ён там таннейшы? Калі таннейшы, значыцца выкарыстоўваюць нейкія шэрыя схемы. Як тады з імі супрацоўнічаць? Натуральна, расейцы не захочуць працаваць празрыста. А ў Беларусі малы бізнес чарговы раз вырашылі дабіць.
РР: Некалькі гадоў гэтую норму (праца толькі па безнаяўным разліку) ужо планавалі ўвесці…
Анатоль Шумчанка: І “Перспектыва” тады адстаяла прадпрымальнікаў, норму адмянілі, хаця Нацбанк і ўрад былі настроены рашуча. Раней быў дыялог, а зараз да прадпрымальнікаў за абмеркаваннем праблемы наогул ніхто не звяртаўся. Маўляю, ІПэшнікі тут зусім ні пры чым. Дык вы ж для нас законы пішаце!
РР: Чаму вырашылі ізноў ціснуць на малы бізнес?
Анатоль Шумчанка: У чыноўнікаў ёсць нейкія планы, і яны іх рэалізуюць. Паставілі ім задачу перавесці ўсіх ІП на безнаяўны разлік – пайшлі выконваць, як робаты.
Мне складана паняць логіку гэтых людзей. І складана зразумець, навошта прымаць законы, якія пагаршаюць становішча бізнеса.
РР: Якія могуць быць наступствы для прадпрымальнікаў?
Анатоль Шумчанка: У геаметрычнай прагрэсіі будзе развівацца ценявы сектар эканомікі. Па-першае, людзі не будуць паказваць здзелкі, будуць баяцца гэта рабіць. Па-другое, з гэтых здзелак не будуць ісці падаткі ў бюджэт. Таксама з часам людзі пакінуць рынкі і гандлёвыя цэнтры, а большасць такіх цэнтраў закрэдытаваны ў камерцыйных банках. Хто будзе там працаваць і плаціць неверагодныя сумы за арэнду?
Таму мы лічым, што нам з чыноўнікамі трэба сабрацца і абмеркаваць усе гэтыя праблемы. Трэба прытрымлівацца эвалюцыйнага метада, а не біць дубінай малому бізнесу па галаве.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя