Анатоль Шумчанка: ІП баяцца за свой бізнес
“Гэта следства законаў, прынятых урадам і пакладзеных на стол Лукашэнку. Гэтыя законы на сённяшні дзень для большасці прадпрымальнікаў або не выканальныя, або прымушаюць іх працаваць паводле схемаў, якія раней ці пазней прывядуць да вялікіх штрафных санкцый”, – так каментуе канфліктную сітуацыю на гарадзенскім рынку “Паўднёвы” лідар прадпрымальніцкай арганізацыі “Перспектыва” Анатоль Шумчанка:
– Сітуацыя выглядае так, што калі ў прадпрымальнікаў няма дакументаў на тавар, то тавар у іх канфіскуюць. З іншага боку, знайсці сапраўдныя дакументы на тавар у Маскве, у Расеі – практычна немагчыма. Гэтыя дакументы прадаюць на рынках, іначай кажучы, яны не сапраўдныя. І калі сёння падатковая прымае такія дакументы, то праз некаторы час фінансавая міліцыя высветліць гэта ў час праверкі, а прадпрымальніка чакае крымінальная адказнасць і канфіскацыя выручкі за ўвесь перыяд. Вось у такой сітуацыі апынуліся сёння беларускія прадпрымальнікі, таму людзі баяцца, і таму такая рэакцыя. Кожны чалавек баіцца за свой бізнес. Сітуацыя ў Гародні – не новая, падобнае здарылася ў снежні ў Маладзечне, калі гандлярка галавой пад колы клалася, падобнае было на Ждановічах. Гэта сведчыць пра тое, што ў дзяржаве нешта не добра.
“Так будзе да той пары, пакуль законы не будуць скарэктаваныя з улікам меркавання прадпрымальніцкай супольнасці, – дадае Анатоль Шумчанка. Лідар “Перспектывы” паведаміў, што 16 лютага ў Менску пройдзе чарговы форум прадпрымальнікаў.
Прыгадаем, што напярэдадні на рэчавы рынак “Паўднёвы” ў Гародні прыйшлі падаткавікі, яны планавалі канфіскаваць тавар у аднаго з гандляроў, аднак не паказалі прадпісання, што абурыла іншых прадпрымальнікаў, якія ўступіліся за свайго калегу, і сабраўшыся чакалі, пакуль інспектары пакажуць прадпісанне. Аднак на рынак прыехалі некалькі міліцэйскіх машын, людзей пачалі здымаць на камеру. Бліжэй да абеду прадпрымальнікі разышліся.
Падатковая ў сераду дала тлумачэнні, што на Паўднёвым рынку раніцай у аўторак, 3 лютага, праходзіла пазапланавая рэйдавая праверка, ініцыяваная па выніках аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікаў міліцыі. Прадпісанне на яе правядзенне вынесла падатковая служба Ленінскага раёну. Інспектары кажуць, што партыя тавару, на якую прадпрымальнік не змог прадаставіць суправаджальныя дакументы, будзе канфіскаваная, яе кошт ацэньваецца ў 20 мільёнаў рублёў. Падаткавікі і міліцыянты лічаць свае дзеянні законнымі, і кажуць, што ІП могуць абскардзіць рашэнне раённай інспекцыі ў абласной інспекцыі.
Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя