Анатоль Шумчанка: ІП не гатовыя працаваць па новых умовах
Міністэрства па падатках і зборах не збіраецца ўводзіць пяцігадовы мараторый для індывідуальных прадпрымальнікаў на выкарыстанне электроннай маркіроўкі тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі. Пра гэта паведаміў старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка са спасылкай на ліст МПЗ за подпісам намесніка міністра Уладзіміра Муквіча.
– Зразумела, нас такі варыянт не задавальняе. Таму што больш за 90% ІП не гатовыя працаваць па новых умовах. Слаба ўяўляецца, якім чынам будуць выконвацца тыя самыя законы, якія прынятыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, куды ўваходзіць і Беларусь. Бо ўсё ідзе пад Расею, якая хоча такім чынам замкнуць на свой рынак, прымаючы такія пратэкцыянісцкія меры.
Паводле слоў Шумчанкі, МПЗ у сваім адказе заяўляе, што пераходны перыяд быў дастатковым для падрыхтоўкі да новаўвядзення.
«Трэба дайсці да кожнага прадпрымальніка, а для гэтага патрэбны час, таму і прапануем мараторый», – адзначыў кіраўнік аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва». У лісце МПЗ, па словах Шумчанкі, паведамляецца, што 1 ліпеня пачнуцца праверачныя мерапрыемствы, таму ня выключаны штрафы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ТУТ.бай