Анатоль Шумчанка: Многія ІП не пацягнуць падвышэнне падаткаў



Улады могуць дазволіць прадпрымальнікам прадаваць тавары без дакументаў, але затое павысяць падатак. У бліжэйшы час павінен быць падпісаны новы ўказ, які вызначае правілы гандлю таварамі лёгкай прамысловасці – адзначаюць у Міністэрстве па падатках і зборах. „Цяжка казаць, ці гэта паўплывае на паляпшэнне сітуацыі ІП-шнікаў”, – кажа лідар аб’яднання прадпрымальнікаў „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

– Трэба дачакацца непасрэдна самога загаду. Мы, канешне, супраць істотнага павелічэння падаткаў. Трэба глядзець, наколькі будуць узнятыя падаткі і ці будзе гэта пад’ёмна для прадпрымальнікаў. Ёсць думкі самыя розныя, таму адназначна сёння сказаць, кепска гэта ці добра, цяжка. Таму што, калі яны прыбяруць усе дакументы, ёсць такія прадпрымальнікі, для якіх гэта добра, але ёсць такія, якім новыя падаткі будуць не па сілам. Таму нам здаецца, што паднімаць істотна падаткі на сённяшні дзень нельга.

У Міністэрстве па падатках і зборах таксама патлумачылі, як працаваць прадпрымальнікам да афіцыйнага апублікавання дакумента. Тыя, хто яшчэ ў сакавіку плануе гандяваць таварамі без дакументаў, абавязаны падаць разлік па адзіным падатку і зрабіць выплату адзінага падатку і ПДВ у фіксаванай суме.  Гэта значыць, што ІП-шнікам трэба будзе заплаціць падатак па старых правілах.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя