Анатоль Шумчанка: Нашы патрабаванні перададзеныя кіраўніку дзяржавы



Прадпрымальнікі ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі з першага ліпеня нt выйшлі на працу. Да прыкладу, збольшага пустымі стаяць вялікія рынкі ў Гародні, Баранавічах, Гомелі ды іншых гарадах. У Менску – сітуацыя выглядае іначай – тут ІП працуюць. “І гэта абсалютна нармальная сітуацыя”, – кажа лідар прадпрымальніцкай арганізацыі „Перспектыва“ Анатоль Шумчанка.

– Усё носіць стыхійны характар, кожны прымае рашэнне, сыходзячы са сваіх магчымасцяў і таго становішча, у якім ён апынуўся. Хтосьці праяўляе ініцыятыву, хтосьці не можа. Нельга асуджаць. У нас ёсць рэзалюцыя, прайшоў Форум, нашы патрабаванні перададзеныя кіраўніку дзяржавы, а ўсё астатняе мае стыхійны характар.

 Адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху падкрэслівае, што падзяляць дробных бізнесоўцаў – гэта няправільна:

– У 2008 годзе на Марш прадпрымальнікаў выйшлі менчукі… Разумееце, мы ўсе адна краіна пад назвай Беларусь. Дзяліцца на менчукоў і рэгіёны нельга. Мы ўсе ўносім уклад у агульную справу.

Паводле новых правілаў, ад ліпеня дробныя бізнесоўцы павінны мець дакументы на ўсе ўвезеныя ў краіну ад гэтай даты тавары. ІП кажуць, што атрымаць сертыфікаты ды іншыя дакументы – практычна немагчыма, і што гэта ставіць пад пагрозу іх існаванне на рынку.

Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя