Анатоль Шумчанка не падзяляе аптымізму чыноўнікаў



Намеснік міністра эканомікі чакае актывізацыі прадпрымальніцтва ў сувязі з прыняццем дэкрэта № 7. Пра гэта паведаміў Дзмітрый Матусевіч на форуме дырэктараў прадпрыемстваў — пераможцаў прэміі «Народная марка». Паводле яго слоў, «развіццё гандлю, рэкламы і брэндынгу — гэта тое, што адбудзецца ў першую чаргу».

Старшыня Аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка не бачыць фактараў, якія б абгрунтоўвалі аптымізм чыноўніка:

– Я не ведаю, у якім свеце ён жыве, вось так не валодаючы сітуацыяй у прадпрымальніцкім асяроддзі. Мала таго, што ў нас да гэтага часу не прынятыя кардынальныя меры па паляпшэнні бізнес клімату, гарантый уласнасці і зняцця усіх гэтых канфіскацый і так далей. То акрамя гэтага ў нас зараз яшчэ і пакупніцкая здольнасць вельмі нізкая.

Выступаючы на форуме,  Дзмітрый Матусевіч  падкрэсліў, што цяпер урад і кіраўніцтва краіны прымаюць шэраг рашэнняў, накіраваных на лібералізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці. Паводле яго слоў, дзяржаўныя органы імкнуцца даведацца меркаванне бізнес-супольнасці і ўлічыць яго пры распрацоўцы і прыняцці нарматыўна-прававых дакументаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН