Анатоль Шумчанка: Патрэбен дыялог
Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў пра падрыхтоўку да чарговага Форума прадпрымальнікаў.
Анатоль Шумчанка: Форум, як вядома, запланаваны на 13 чэрвеня, з памяшканнем, здаецца, пытанне вырашана. А ўвогуле, зараз у многіх прадпрымальнікаў такое своеасаблівае трывожнае чаканне ў сувязі з тым, што будзе пасля 1 ліпеня. Ці пачнуцца масавыя праверкі на рынках? Вось пытанне! Зараз сітуацыя больш-менш стабільная, але далейшае развіццё падзей спрагназаваць вельмі складана. Народ – у чаканні. Тым больш, што зараз пакупальніцкая здольнасць насельніцтва зніжаецца з кожным днём, працаваць усё складаней.
РР: Якія асноўныя пытанні будуць узнімацца на форуме?
Анатоль Шумчанка: Найперш трэба казаць пра тое, што неабходна ўстановіць нармальны дыялог з уладамі, каб вырашаць праблемы прадпрымальнікаў за сталом перамоваў, а не на вуліцах. Вось гэта самае галоўнае. Каб больш не паўтарылася сітуацыя зімовага супрацьстаяння, калі ІП-эшнікі выходзілі на акцыі пратэсту, баставалі, не працавалі. Таму мэта форума – не дапусціць такога супрацьстаяння. Але ж трэба, каб людзі спакойна працавалі, каб да іх таксама паважліва адносіліся і разумелі праблемы. Пры гэтым не толькі разумелі, але і вырашалі ды не пераходзілі тую мяжу, пасля якой – канфрантацыя і масавыя выступы. Для гэтага трэба проста жаданне зразумець людзей. Неабходна абмяркоўваць нейкія спрэчныя пытанні, прымаць кампрамісныя рашэнні.
РР: Які б кампраміс задаволіў прадпрымальнікаў?
Анатоль Шумчанка: Каб нашы інтарэсы ўлічваліся пры прыняцці нарматыўных актаў.
РР: Раней з удзелам дзяржаўных чыноўнікаў была створана Рабочая група, якая якраз і разглядала праблемы прадпрымальнікаў. Наколькі эфектыўная яе праца?
Анатоль Шумчанка: Пасля зімовага супрацьстаяння гэтая група ні разу не збіралася, таму ацаніць у поўнай ступені яе працу не прадстаўляецца магчымым. А вось тое, што мы дабіліся ў Вярхоўным судзе адмены санкцый супраць прадпрымальніцы Паляковай, гэта дало вялікі эфект.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя