Анатоль Шумчанка: Перспектыў не бачна…



Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў, як сёння выжывае малы бізнес.

Анатоль Шумчанка: Для прадпрымальнікаў зараз вельмі складаны час. Пакупальніцкая здольнасць нізкая, людзі стараюцца не наведваць рынкі альбо наведваць, калі ўжо вельмі неабходна.

Ёсць праблемы з закупкай тавара, бо межы з Польшчай ці Расеяй па-ранейшаму закрыты. Раней прадпрымальнікі самі ездзілі ў Маскву і выбіралі тавар. Зараз можна заказаць яго дастаўку, але ж вы дакладна не ведаеце, што вам прывязуць.

Таму тавар і грошы ў людзей заканчваюцца, нічога новага няма. Самае сумнае, што і перспектыў не бачна. Невядома ж, калі закончыцца пандэмія і адкрыюць межы.

Пры гэтым выдаткі ІПэшнікаў не змяншаюцца, яны застаюцца ранейшымі.

РР: Што далей будзе з малым бізнесам, калі сітуацыя з пандэміяй ў бліжэйшы час не зменіцца?

Анатоль Шумчанка: Многія на мяжы разарэння, зарабляюць нейкія капейкі, каб пракарміцца ды “камуналку” заплаціць. Некаторыя кажуць, што будуць з’язджаць на працу за мяжу, калі гэта стане магчымым.

РР: Дзяржава нейкім чынам прадпрымальнікаў падтрымлівае?

Анатоль Шумчанка: Некалькі знізілі падаткі, хаця нават на гэта не пайшлі ў некаторых рэгіёнах. А бізнесу сёння патрэбна фінансавая падтрымка – хаця б крэдытныя рэсурсы. А гэтага няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя