Анатоль Шумчанка: Праблем у прадпрымальнікаў – вышэй даху



Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў пра чарговы форум прадпрымальнікаў, які прызначаны на 28 верасня.

“Мы хочам прэзентаваць сваю праграму і даць магчымасць прадпрымальнікам выказацца на тэму, як яны бачаць будучыню, – гаворыцца ў абвестцы “Перспектывы”. – Таксама нам усім трэба казаць аб сваіх праблемах сёння. А іх шмат, асабліва ўлічваючы, што набліжаецца 1 студзеня 2016 году”.

Анатоль Шумчанка: Прадпрымальнікі занепакоенны праблемай рэалізацыі астаткаў прадукцыі, магчымым увядзеннем крымінальнай адказнасці за непрадастаўленне дакументаў на тавар, павелічэннем штрафаў за парушэнне падаткавага заканадаўства, пагрозай масавых праверак, канфіскацыяй тавараў… Праблем – вышэй даху! У такіх умовах толькі аб’яднанасць прадпрымальнікаў можа прывесці да нейкага станоўчага выніку. Калі маўчаць, не расказваць пра свае праблемы публічна, то ад гэтага лепш не стане.

РР: Ці чакаеце вы на форум, як кажуць, высокіх гасцей?

Анатоль Шумчанка: Мы адправілі запрашэнні першаму віцэ-прэм’еру, у шэраг міністэрстваў і ведамствы. Думаю, нехта з’явіцца абавязкова. Мы ж хочам, каб нас пачулі.

РР: Якія зараз настроі ў прадпрымальнікаў?

Анатоль Шумчанка: А якія могуць быць настроі, калі гандлю зусім няма? Людзей палохае будучыня, да 1 студзеня засталося не так і шмат часу. Да таго ж, невядома, як улада павядзе сябе пасля выбараў.

РР: Многія ІП-эшнікі скардзяцца, што вельмі складана ўтрымлівацца на плыву з сёняшнімі падаткамі.

Анатоль Шумчанка: А ў хуткім часе будзе яшчэ адно павышэнне падаткаў, таму я не ведаю, як людзі змогуць працаваць далей. Многія проста кідаюць свой бізнес. А тыя, хто застаўся, якраз і хочуць, каб іх праблемы ўсё ж такі пачулі і вырашылі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя