Анатоль Шумчанка: Прадпрымальнікі не спыняюць пратэсты
У рэгіёнах Беларусі назіраецца ўсё большая актывізацыя індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўсё часцей арганізоўваюць сходы, вядуць перамовы з мясцовымі чыноўнікамі і нават змаглі наладзіць перамоўны працэс з беларускім урадам. Пра гэта паведаміў старшыня прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.
– Сёння быў насычаны дзень. І ў Віцебску, і ў Кобрыне прадпрымальнікі выходзілі да выканкаму і вялі перамовы з уладамі. У Гомелі, напрыклад, улады ўжо гавораць, што ў іх была відэаканферэнцыя з урадам, дзе яны казалі, што трэба ўніфікаваць ўсе штрафныя санкцыі ў межах Мытнага саюза. Заўтра збіраюцца ў Салігорску выйсці да выканкаму, і ў Гомелі, таксама прадпрымальнікі падаюць нулявыя дэкларацыі на люты.
Прадпрымальнікі па-ранейшаму не могуць працаваць легальна ў сувязі з указам №222 Аляксандра Лукашэнкі, які забараняе ім весці гандль без сертыфікатаў якасці.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя