Анатоль Шумчанка: Продажы тавараў знізіліся на 70 адсоткаў
Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавядае, чаму іх арганізацыя выступіла супраць увядзення крымінальнай адказнасці для прадпрымальнікаў за непадаванне першасных уліковых дакументаў, а таксама пра незайздроснае становішча ІП-эшнікаў.
Нагадаем, “Перспектыва” накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот, у якім выступае супраць увядзення крымінальнай адказнасці для прадпрымальнікаў за непадаванне першасных уліковых дакументаў.
„РГА „Перспектыва” стала вядома аб згубнай і неадэкватнай па сваёй сутнасці ініцыятыве аднаго з ведамстваў вышэйшай выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь адносна працы бізнесу ў нашай дзяржаве”, — гаворыцца ў звароце аб’яднання, тэкст якога быў размешчаны на яго сайце.
Анатоль Шумчанка: Пакуль ніякага адказу на наш зварот няма, але рэакцыя была, калі чыноўнікі прызналі, што нешта накшталт такога дакумента распрацоўваецца. Маўляў, размова ідзе пра бухгалтараў, якія наўмысна знішчаюць некаторую дакументацыю, каб нешта там схаваць. Ужо добра, што з’явілася пэўная інфармацыя.
РР: Калі ўвядуць крымінальную адказнасць…
Анатоль Шумчанка: Ініцыятыва проста жудасная! У краіне і без таго дзелавы клімат не на ўзроўні, а пасля таго, як увядуць крымінальную адказнасць, і наогул можа сыйсці на нуль. Асабліва зараз, калі ІП-эшнікі з 1 студзеня павінны перабудавацца.
РР: Кажуць, што многія прадпрымальнікі спыняюць працу. Гэта так?
Анатоль Шумчанка: Ні ў каго няма гандлю, продажы катастрафічна знізіліся – адсоткаў на 70. Такога яшчэ ніколі не было! Усе павінны грошы пастаўшчыкам, знаёмым… Хоць стараюцца нейкім чынам працаваць, скарачаючы гандлёвыя крокі, людзей. Але сітуацыя складаная. А з кастрычніка ў чарговы раз павялічыцца падаткавая нагрузка. Між тым, нізкая пакупальніцкая здольнасць насельніцтва не дазваляе акупляць усе гэтыя выдаткі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя