Анатоль Шумчанка са скандалам пакінуў сустрэчу з чыноўнікамі
Пасяджэнне Грамадска-кансультатыўнай Рады па развіцці прадпрымальніцтва з удзелам намесніка міністра эканомікі і гандлю Ірыны Касцевіч, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства па падатках і зборах быў вымушаны са скандалам пакінуць старшныя аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.
Паводле яго слоў, улады не хочуць вырашаць праблему. Як працаваць ІП з першага студзеня? Як будуць правяраць ужо канфіскаваны тавар на адпаведнасць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза? Тлумачэнняў няма.
– Гэтая Грамадска-кансультатыўная Рада не прадстаўлена ІП: мы там былі як госці. Гэта жах нейкі. Я прашу прабачэння ў прадпрымальнікаў. Магчыма, гэта з-за эмоцый проста… Прашу мяне зразумець. Столькі тэлефанаванняў ад людзей, якія плачуцца, што іх абіраюць, даводзяць да галечы. І замест таго, каб зараз вырашаць канкрэтныя справы, яны пачынаюць рабіць такія гадасці. Таму ў мяне не хапіла цярпення і сілаў, каб там застацца. Таму я сказаў, што пайду. Няхай яны гавораць у “спакойнай” абстаноўцы. А я не магу гэта слухаць.
Як паведаміў Анатоль Шумчанка, на канкрэтныя пытанні намеснік міністра эканомікі і гандлю Ірына Касцевіч адказваць адмовілася. У прыватнасці лідар прадпрымальнікаў запытаў, які ёсць механізм праверкі адпаведнасці па “маскоўскіх накладных”, але быў скіраваны чыноўніцай шукаць інфармацыю на афіцыйным сайце свайго міністэрства.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя