Анатоль Шумчанка: Спадзяемся, што мараторый на сертыфікацыю будзе яшчэ раз працягнуты



Мараторый на сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці можа быць працягнуты і пасля 1 студзеня будучага году, мяркуе старшыня прадпрымальніцкага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка. Праблема сертыфікатаў у новым годзе нікуды не знікне, і сітуацыя будзе развівацца або шляхам супрацьстаяння, або дамоўленасці, якая задаволіць і прадпрымальнікаў, і ўрад, – адзначае лідар „Перспектывы”.

– Гэтыя законы не выконваюцца ў краінах Мытнага саюзу, а значыць, што яны не могуць выконвацца і ў Беларусі. Я магу сказаць, што з 1 студзеня 2016 года прадпрымальнікі нікуды не знікнуць, але будуць пастаўлены перад выбарам: або жыць і змагацца, або сыйсці. Але магу сказаць, што, канешне, яны будуць змагацца.

У красавіку беларускі ўрад пасля страйкаў прадпрымальнікаў увёў да канца бягучага года часовы мараторый на наяўнасць сертыфікатаў якасці для тавараў лёгкай прамысловасці. Абавязак сертыфікацыі тавараў уведзены разам з уступленнем Беларусі ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя