Форум прадпрымальнікаў прайшоў – ці будзе вынік? (абноўлена)
Берасцейскія прадпрыпрымальнікі прынялі ўдзел у Менскім форуме, арганізаваным РГА “Перспектыва”.
“Тое што ўдалося абмеркаваць існыя праблемы гэта добра, аднак ці будзе карысць – гэта пытанне”, – адзначае прадпрымальніца з берасцейскага рынку “Юбілейны” Любоў:
– Там усе ўважліва слухалі, запісвалі, уносіліі свае прапановы. Разалюцыя ёсць, а якая будзе рэакцыя? Хацелася, каб усё змянілася, каб нам пайшлі насустрач. Мы не проста так – у нас сем’і, у нас дзеці, якіх трэба яшчэ давесці.
Нагадаем што ад 1 сакавіка ў поўную сілу павінен уступіць Дэкрэт нумар 222, які абавязвае індывідуальных прадпрымальнікаў мець суправаджальныя дакументы на тавар, а таксама сертыфікаты. Спадзеў застаецца толькі на волю чыноўнікаў, інакш будзем зачыняцца, але хто ад гэтага выйграе?- кажа Любоў.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.
Прадпрымальнікі заклікалі Аляксандра Лукашэнку правесці агульнанацыянальны сход – дзеля “шчырай і сумленнай размовы і каб выпрацаваць дакладныя крытэры развіцця нацыянальгага бізнесу”. Заклік прагучаў у час Форуму прадпрымальнікаў, які прайшоў напярэдадні ў Менску і сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў.
Паводле аднаго з лідараў прадпрымальніцкай арганізацыі “Перспектыва” Вячаслава Піліпука, праз два тыдні наступае час “ікс”. З першага сакавіка – абавязковая сертыфікацыя ўсіх без выключэння тавараў:
– Прадпрымальнік стане перад выбарам – плаціць яму падатак і арэндную плату на наступны месяц ці не. Усе разумеюць, што згодна з Указам №222 працаваць з 1 сакавіка будзе немагчыма. Таму вялікая колькасць людзей прыйшла на форум. Гэта гаворыць пра тое, што гэтае пытанне вельмі хвалюе прадпрымальнікаў. Гэты бізнес – адзіная крыніца іхнага існавання.
Ужо 15 гадоў у гандлёвым цэнтры “Ждановічы” ў Менску працуе спадар Аляксей:
– Я наймаў работнікаў. Зараз прыйдзецца ўсіх звольніць і самому шукаць працу. Я – рознічны прадавец, а на мяне ўскладаюць абавязкі, каб я зрабіў сертыфікат як на продаж аптовай прадукцыі. У мяне пакрысе тавараў розных фірмаў, калі я на ўсё буду рабіць сертыфікаты, то гэта вялікія выдаткі. Мы не зможам так далей працаваць.
У час Форуму прадпрымальнікаў прынятая рэзалюцыя, у якой таксама заклікаюць да мараторыя на канфіскацыі тавараў і праверкі прадпрымальнікаў, якія праходзяць апошнім часам. Кіраўніцтва прадпрымальніцкай арганізацыі “Перспектыва” пры гэтым лічыць, што кожны дробны бізнесовец павінен самастойна прыняць рашэнне, ці выходзіць на працу з 1 сакавіка. Гэта і пакажа, наколькі прыняты ўказ пра сертыфікацыю можа быць рэалізаваны на практыцы.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
З ініцыятывы аб’яднання «Перспектыва» 16 лютага ў Менску праходзіць эканамічны Форум прадпрымальнікаў. Ключавой яго тэмай стане абмеркаванне наступстваў прэзідэнцкага ўказа №222, якім пасля 1-га сакавіка спыняецца тэрмін распродажу тавараў лёгкай прамысловасці без сертыфікацыі паводле тэхрэгламенту Мытнага саюза. Гандляры канстатуюць, што большая частка цэнтраў апусцее, а гаспадары павільёнаў заявяць пра банкруцтва. Як кажа прадпрымальніца, старшыня стваранага прафсаюза „Разам”, віцебскія ІП ужо зрабілі свой крок:
– Мы даслалі ліст прэзідэнту, дзе напісалі, што калі гэтыя два дакументы не будуць адменены, то мы закрываемся і не будзем працаваць. Распродаж рэшткаў нашых тавараў не ёсць панацэя, гэта не выратуе нас.
„Гэтую думку падтрымаюць ІП ва ўсёй краіне,” – упэўнена Ірына Яскевіч:
– Мы правялі статыстыку: людзі пісалі свой прыбытак і свае выдаткі. І выходзіць, што на сённяшні дзень яны вымаюць грошы з абароту. У іх не хапае не тое што закупіць новы тавар, каб гандляваць, а ў іх няма нават грошай, каб проста жыць. Нам цяжка выжываць у гэтых умовах.
Прадстаўнікі віцебскіх прадпрымальнікаў прымуць удзел у Форуме, аднак не разлічваюць на тое, што ён дапаможа вырашыць іх праблемы. Па словах Ірыны Яскевіч, да 1-га сакавіка засталося няшмат часу і наўрад ці паспеюць ІП дамагчыся сваёй мэты.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Прадпрымальнікі канстатуюць блізкую смерць бізнесу з прычыны Указу № 222. Сёння, паводле ініцыятывы аб’яднання «Перспектыва», у сталічным гатэлі «Беларусь» адбудзецца Форум прадпрымальнікаў. Ключавой тэмай стане абмеркаванне наступстваў названага ўказу, паводле якога з першага сакавіка спыняецца тэрмін распродажу тавараў лёгкай прамысловасці без сертыфікатаў.
Прадпрымальнікі заяўляюць, што не змогуць працаваць згодна з новымі правіламі, бо атрымаць усе неабходныя дакументы ў пастаўшчыкоў – пераважна на расейскіх аптовых рынках – практычна немагчыма.
* * *
Улады не маюць намеру працягваць для індывідуальных прадпрымальнікаў тэрмін распродажу тавараў без сертыфікацыі. Такая норма ўвайшла ў дзеянне ў ліпені мінулага году і ахапіла новаўвезеныя тавары, а з першага сакавіка гэтага году пашыраецца на ўвесь тавар. Старшыня грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка сустрэўся з прадстаўнікамі Міністэрства эканомікі, і кажа, што ўсе прапрановы ІП улады адхілілі:
– Намеснік міністра эканомікі заявіў нам пра тое, што падаўжэнне рэшткаў для прадпрымальнікаў з 1 сакавіка 2015 года не будзе. Усе павінны працаваць па дзеючаму загаду №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці», вучыцць і жыць па-новаму. Усе праекты, якія былі агучаныя раней – адхілены. І ўлады прыйшлі да высновы, што адтэрміноваўць тэрміны больш ніхто не будзе.
«Многія людзі проста пабаяцца адкрывацца з першага сакавіка, і будуць баяцца за свой тавар. Баяцца канфіскацый і высокіх штрафаў», – працягвае Анатоль Шумчанка:
– Прадпрымальнікі не гатовыя працаваць па новым правілам, прадпрымальнікі просяць, каб іх не ламалі праз калена, бо яны працавалі 20 гадоў у адных умовах, а тут за паўгода трэба перабудавацца на новыя. Прадпрымальнікі гавораць, што сёння, каб працаваць у новых умовах, трэба зрабіць шэраг зменаў ва ўмовах новай абстаноўкі, якая злажылася цяпер.
Сёння трэба тэрмінова ўвесці мараторый на канфікацыі і праверкі, сабраць прадпрымальніцкую супольнасць і ўрэгуляваць усе праблемныя пытанні – дадае старшыня «Перспектывы». Адзначым, што 16-га лютага ў Менску заплаваны вялікі Форум прадпрымальнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН