Анатоль Шумчанка: Умовы павінны быць роўнымі для ўсіх



Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў, чаму беларускія прадпрымальнікі па-ранейшаму незадаволены гандлярамі з Азіі.

Анатоль Шумчанка: Мы лічым, што гандляры з Азіі падчас працы ў нашай краіне парушаюць беларускае заканадаўства. Ёсць трывожныя сігналы, што на сённяшні дзень яны недаплочваюць падаткі, хаця два гады іх не маюць права правяраць. Мы зараз збіраем факты парушэнняў і будзем далей глядзець на рэакцыю ўладаў. Міністэрства па антыманапольным рэгуляванні хоча стварыць Працоўную групу, якая будзе займацца маніторынгам таго, што адбываецца ў “азіяцкіх” кропках гандлю.

РР: Чым яшчэ канкрэтна незадаволены нашы прадпрымальнікі?

Анатоль Шумчанка: Былі факты, калі тавар каштуе ў азіятаў, скажам, 30 рублёў, а чэк прабіваецца на 3 рублі. За дзень магазін нагандляваў на 2000-2500 рублёў, а па касе праходзіць у разы менш. Я асабіста быў у адным “азіяцкім” магазіне ў Рэчыцы і папрасіў, каб мне далі чэк. У адказ было заяўлена, што касавы апарат не працуе. Таму нізкія цэны на тавар у гандляроў з Азіі – гэта добра, але ж не можа быць цудаў. Можа быць, маюцца нават сур’ёзныя каналы кантрабанды, якія вядуць у Сярэднюю Азію. І іх даволі складана перакрыць, але можна заставіць тых гандляроў працаваць у Беларусі па беларускіх законах. Яны ж знішчаць і айчынную прамысловасць, і беларускіх прадпрымальнікаў. Грошы вывозяцца за межы Беларусі, падаткі, мяркуючы па ўсім, недаплочваюцца. Гэта ненармальная сітуацыя і шкодная для нас.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя