Анатоль Змітровіч: Сёння прадпрымальнікі – гэта крытычная маса
Дырэктар аналітычнага цэнтру Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Анатоль Змітровіч аналізуе сітуацыю, якая зараз склалася вакол індывідуальных прадпрымальнікаў.
Анатоль Змітровіч: На сёння мы маем па краіне амаль на 100 адсоткаў зачыненыя рынкі і прыкладна такая ж сітуацыя ў гандлёвых цэнтрах, дзе працуюць ІП-эшнікі. Калі зыходзіць з таго, што кажуць чыноўнікі, то прадпрымальнікі быццам бы на калядных святах. Гэта не так. Ніколі ў мінулыя гады не было, каб у суботу-нядзелю ІП-эшнікі не працавалі. Тут трэба разумець, што не малая арэнда выплочваецца, зыходзячы з каляндарнага месяца, таму гуляць нават падчас святаў ніхто не будзе. Тым больш, ёсць наёмныя працаўнікі. Нават, калі прадпрымальнік з’ехаў у адпачынак, то за яго працуюць. Таму давайце скажам шчыра, што словы аб святкаваннях ІП-эпэшнікамі – проста падман. Дарэчы, падобная сітуацыя была і 1 сакавіка мінулага году, калі прадпрымальнікі таксама масава не выйшлі на працу, а чыноўнікі напярэдадні заяўлялі, што працаваць па новых правілах не могуць толькі трэць людзей.
РР: На ваш погляд, калі будзе пэўнасць у сітуацыі?
Анатоль Змітровіч: Думаю, бліжэйшы тыдзень (і асабліва выхадныя) яскрава пакажуць, ці вырашылі працаваць прадпрымальнікі, ці яны ў адпачынку. Але рэальна сітуацыя такая, што ІП-эшнікі застаюцца без сродкаў для існавання. Не выключаю нават, што яны могуць пайсці на любыя меры. Калі прадпрымальніцкія структуры не змогуць вырашыць з чыноўнікамі праблемныя пытанні, то трэба разумець, што гэтая крытычная маса застаецца адна, без дапамогі. І куды яна паверне – яшчэ нікому не вядома. Я памятаю 2007-2008 гады, калі прадпрымальнікі аб’ядналіся з моладзевымі арганізацыямі і з палітыкамі. Пайшлі такія акцыі пратэсту, што пачаліся нават “пасадкі”. Таму, паўтаруся, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю. Страх застацца без сродкаў для існавання вышэйшы, чым магчымыя пакаранні за актыўныя дзеянні. Ніхто ж не хоча запісвацца ў дармаеды.
РР: Няўжо нельга прыстасавацца да новых умоваў працы?
Анатоль Змітровіч: Гэта зрабіць практычна немагчыма. Сёння ідзе нават не барацьба дзяржавы з прадпрымальнікамі, а вайна з апошнімі буйнога бізнесу. Дзяржава тут – як пасярэднік. Дык вось умовы для ІП-эшнікаў стварылі такія, каб яны наогул сыйшлі з поля дзейнасці. Напрыклад, калі прымаўся указ №222, было заяўлена, што прадпрымальнікам дастаткова мець дакументы з пэўнымі формамі запаўнення. Яны іх і прывезлі. Але праз нейкі час падаткавікі змянілі схему. Маўляў, вы павінны правяраць контрагента. Дык гэта ж такая праверка, якую толькі ФСБ Расеі можа зладзіць. Наш прадпрымальнік у Расеі не мае ніякіх паўнамоцтваў, каб правяраць дакументы. Дык вось у мяне пытанне: чаму зменена схема? Зрэшты, праблемных пытанняў вельмі шмат, пра іх усе ведаюць – што прадпрымальнікі, што чыноўнікі. І вырашаць праблему неабходна тэрмінова.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя