Андрэй Кабякоў: Падатковая палітыка на 2017 год мяняцца не будзе



Падатковая палітыка на 2017 год мяняцца не будзе, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 2 жніўня ў Менску на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, паведамляе прэс-служба ўрада.

Разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год і параметры асноўных паказчыкаў на 2018-2019 гады, асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2017 год.

Паводле слоў Кабякова, падатковую палітыку прапануецца сфармаваць зыходзячы з дзейнай структуры, складу і колькасці падаткаў. Падатковую базу плануецца пашырыць толькі за кошт росту эканомікі, стварэння новых прадпрыемстваў.

Прэм’ер паведаміў, што ў якасці новаўвядзення прадугледжваецца пераход з наступнага года на вылічэнне і выплату падаткаў, збораў, пошлін з долараў ЗША на беларускія рублі, у тым ліку пры вызначэнні падатковай базы для вылічэння зямельнага падатку. „Гэта чарговы рэальны крок па дэдаларызацыі эканомікі. Шмат што ў гэтым напрамку ўжо зроблена: мы адмовіліся ад долара ЗША па большасці разлікаў. Будзем адыходзіць ад выкарыстання замежнай валюты ў якасці эквіваленту меры кошту пры ўстанаўленні тарыфаў, ставак і цэн, у тым ліку па арэндзе і энергетыцы”, — паабяцаў ён.

by.belapan.by