Андрэй Кабякоў просіць беларусаў „жыць па сродках”



У 2016-м годзе, як лічыць кіраўнік ураду, трэба працягваць праводзіць тую ж палітыку, што і ў гэтым годзе. „Важна адштурхоўвацца ад тых канцэптуальных асноў, якія мы для сябе вызначылі, – жыць па сродках і не нарошчваць знешні доўг,” – лічыць прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Нацбанку неабходна прадоўжыць стымуляванне банкаў у правядзенні ўзважанай дэпазітна-крэдытнай палітыкі і аказанні крэдытнай падтрымкі, але не ў шкоду макраэканамічнай стабілізацыі. Пра гэта прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў на паседжанні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе былі разгледжаны, у прыватнасці, асновы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступны год, а таксама падыходы да фармавання Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі. На думку Кабякова, трэба прапрацаваць крыніцы фінансавання, улічваючы крэдытныя рэсурсы КНР, аптымізаваць выдаткі і фінансаваць толькі першачарговыя праекты.

Пры гэтым асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі ў 2016-м годзе, лічыць прэм’ер-міністр, павінна застацца зніжэнне інфляцыі. У якасці стратэгічнай задачы ён назваў забеспячэнне ўзроўню інфляцыі менш за 10%. Другая задача, на думку Кабякова, – нарошчванне золатавалютных рэзерваў.