Аператар life:) змяняе ўмовы і падвышае кошт паслуг



Мабільны аператар life:) змяняе ўмовы і падвышае кошт паслуг у межах шэрагу тарыфных планаў.

„Каб нашы тарыфы цалкам адпавядалі пастаяннаму росту вашых патрабаванняў хвілін і трафіку, з 15 студзеня 2019 года змест большасці з іх павялічыцца. Таксама зменяцца ўмовы і некаторых іншых нашых паслуг”, — паведаміў аператар.

Так, у абодвух тарыфах лінейкі „Голас” стане на 50 хвілін у іншыя сеткі больш. Пры гэтым абаненцкая плата складзе для тарыфу „Голас 1” 5,9 рубля ў месяц, „Голас 2” — 8,9.

У тарыфах лінейкі „Шэйк” стане больш і хвілін, і інтэрнэту. Пры гэтым іх кошт вырасце. Тарыф „Шэйк 4” закрываецца. Усе яго карыстальнікі без растэрміноўкі на абсталяванне будуць аўтаматычна пераведзеныя на тарыф „Шэйк 3” у момант спісання чарговай абаненцкай платы.

Тарыфы „Сям’я 1” і „Сям’я 2” будуць перайменаваныя ў тарыфы „Разам 1” і „Разам 2” адпаведна. У кожным з іх павялічыцца колькасць хвілін і інтэрнэту, абаненцкая плата таксама нязначна вырасце.

Тарыфны план „Сям’я 3” будзе перайменаваны ў тарыф „Разам 3” і закрыты для новых падключэнняў. У абанентаў, якія падключыліся на гэты тарыф да 15 студзеня, умовы і кошт застануцца ранейшымі, зменіцца толькі назва.

Тарыфныя планы „Лайт”, L, XL, XXL, life:) M, life:) L і life:) Unlim будуць закрытыя, а іх карыстальнікі без растэрміноўкі на абсталяванне ў момант спісання чарговай абаненцкай платы будуць аўтаматычна пераведзеныя: карыстальнікі „Лайт” — на тарыф „Голас 1”; карыстальнікі life:) M — на тарыф „Шэйк 1”; карыстальнікі L, life:) L — на тарыф „Шэйк 2”; карыстальнікі XL, XXL, life:) Unlim — на тарыф „Шэйк 3”.

Змены закрануць і шэраг іншых тарыфных планаў.

 

БелаПАН