Аператар „МТС” 1 траўня падвысіў тарыфы на свае паслугі
Аператар „МТС” 1 траўня падвысіў тарыфы на свае асноўныя паслугі сотавай сувязі на 3%. „Змена абумоўленая развіццём інфраструктуры, укараненнем новых тэхналагічных рашэнняў і развіццём лічбавых прадуктаў, неабходных для павышэння якасці паслуг”, — растлумачылі ў кампаніі „Мабільныя ТэлеСістэмы”.
Памеры штомесячных плацяжоў па растэрміноўцы за абсталяванне ў рамках раней заключаных дагавораў застаюцца нязменнымі. На лінейцы тарыфаў 4G „МТС” працягне прадастаўляць скідкі на абаненцкую плату для новых і дзейных кліентаў да 31 мая 2018 года, што будзе анансавана дадаткова.
„Змена кошту тарыфаў на паслугі „МТС” ажыццяўляецца ў межах, устаноўленых рэгулятарам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, — падкрэслівае аператар.
З новымі тарыфамі на сотавую сувязь і фіксаваны інтэрнэт для фізічных і юрыдычных асоб, а таксама з тарыфамі у роўмінгу можна азнаёміцца на афіцыйным сайце кампаніі „МТС”, а таксама патэлефанаваўшы ў кантактны цэнтр.
Раней гэтай вясной падвысілі кошт некаторых тарыфных планаў і паслуг таксама два іншыя мабільныя аператары — velcom і life:).
Беларуска-расейскае СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” — найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар у Беларусі з колькасцю карыстальнікаў больш за 5,3 млн.
Кампанія зарэгістраваная 4 красавіка 2002 года. Заснавальнікамі з’яўляюцца РУП „Белтэлекам” (51% статутнага фонду) і расейскае ААТ „Мабільныя ТэлеСістэмы” (49%).
belapan.by