Apple перанясе чвэрць сваёй вытворчасці ў Індыю
Тэхгігант Apple павялічыць долю выпуску сваёй прадукцыі ў Індыі да 25%. Такую лічбу назваў Reuters міністр гандлю гэтай краіны Піюш Гаял.
Па словах індыйскага міністра, Apple ужо вырабляе ў гэтай краіне 5-7% сваёй прадукцыі. Цяпер жа гэтая доля прыкметна вырасце, пры гэтым самыя апошнія мадэлі сваіх гаджэтаў Apple ужо вырабляе ў Індыі.
Міністр не ўдакладніў, у якія тэрміны Apple перанясе вытворчасць. У кампаніі таксама гэты момант не каментуюць.
Аб тым, што Apple паскорыць перанос вытворчасці ў Індыю і В’етнам, стала вядома ў канцы мінулага года. Звязана гэта з напружанымі адносінамі паміж ЗША і Кітаем. Толькі ў снежні аб’ём экспарту Apple з Індыі дасягнуў $1 млрд. У гэтай краіне Apple працуе з 2017 года, яе падрадчыкі – Wistron і Foxconn. Апошні ў бліжэйшыя два гады плануе ў чатыры разы павялічыць колькасць працоўных на сваім заводзе па вытворчасці iPhone у Індыі. Па прагнозах аналітыкаў, 25% аб’ёму вытворчасці Apple будзе знаходзіцца ў Індыі да 2025 года.