На фоне дэвальвацыі расце плата за „камуналку”



З пачатку 2015 года аплата за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Гародні падвысілася ў сярэднім на 20%. Штомесяц на 5-10% даражэе электрычная энэргія, вада, газ, ацяпленне і тэхнічнае абслугоўванне жытла.

На фоне 30-ці працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля і замарожаных заробкаў эканамічнае становішча гарадзенцаў істотна пагаршаецца, а аплата камунальных паслугаў становіцца адным з галоўных выдаткаў сямейнага бюджэту:

– Напрыклад, “жыроўка” за той месяц і гэты – розніца ў 100 тысяч. Тое самае па аплаце інтэрнату – розніца ў 100 тысяч. Усе кошты змяніліся – растуць упэўнена. 

Паводле праграмы сацыяльна- эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады прадугледжваецца, што ўзровень пакрыцця насельніцтвам выдаткаў на паслугі жыллёва- камунальнай гаспадаркі да канца бягучага года павінен складаць не меней 60%.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

З 1 лютага ў Беларусі павышаны бюджэт пражытковага мінімума. Цяпер ён складае 1 мільён 428 тысяч рублёў (прыкладна 90 долараў) у сярэднім на душу насельніцтва.

За новы пражыткавы мінімум пасля павышэння з лютага коштаў на камунальныя паслугі пражыць зусім нерэальна, аднадушна кажуць апытаныя жыхары Берасцейскага рэгіёну. Гэта прыкладна на 10 кілаграмаў добрага мяса ці сярэдняй вартасці каўбасы, абураюцца людзі:

– Лепш у турму на дзяржаўныя грошы, чым так жыць. Макаронаў нават не купіць.

– У Афрыцы, напэўна, можна было б выжыць каля бананавага дрэва. Квартплата ільвіную долю гэтага пражытковага мінімуму забірае. А што ўжо тады казаць пра шкарпэткі, шнуркі, лекі. Бесчалавечная, антынародная, мафіёзная ўлада.

– Цяжка жыць, цяжка. Малака купіш, солі. Таблеткі адны – шэсць штучак – 120600.

– Я працую ў школе настаўнікам. Жонка ў мяне працуе выхавацелем у дзіцячым садзе. Агульны заробак у нас 400 даляраў. У нас двое дзяцей.  Краіна ў задніцы, і выйсця з гэтага няма. Нічога не робіцца.

Новыя паказчыкі зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабою разыходы не толькі на выжыванне, а на набыццё набора тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіалагічных і сацыяльна-культурных патрабаванняў чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя