Арганізаваная кантрабанда садавіны, і не толькі



Беларусь з прычыны мытных абмежаванняў з’яўляецца краінай, якая прываблівае арганізаваныя кантрабандныя групы. Мытныя пошліны, санітарныя і ветэрынарныя абмежаванні, а таксама ўступленне Беларусі ў Мытны Саюз з Расеяй і Казахстанам – усё гэта прывяло да шэрагу магчымасцяў нелегальнага бізнесу, якія штораз часцей выкарыстоўваюць смелыя прадпрымальнікі. Варта сказаць, што беларуская казна губляе ад гэтага вельмі шмат, а такім чынам і ўсё грамадства. А вось узбагачаюцца нямногія.

Сетка незаконных імпарцёраў яблыкаў, з-за якіх дзяржаўны бюджэт страціў 1,5 мільярда рублёў, была знішчана ў выніку выкрыцця Камітэтам дзяржаўнага кантролю Беларусі. Цягам апошніх двух гадоў з Польшчы на тэрыторыю Беларусі было ўвезена 900 грузавікоў з яблыкамі агульным коштам больш 10 мільёнаў даляраў (у адным грузавіку можна ўвезці максімум 22 тоны яблыкаў). У транспартных і мытных дакументах атрымальнікам пазначаны фіктыўныя кампаніі, а тым часам садавіну выгружаюць у Беларусі і прадаюць на гарадскіх рынках або вязуць далей, у кірунку Расеі. Арганізатарам быў грамадзянін Расеі, але ў склад яго групы ўваходзілі жыхары Беларусі. Пачаты крымінальныя справы за прыналежнасць да арганізаванай групы і ўхіленне ад выплаты падаткаў.

Гэта быў прыклад арганізаванай кантрабанды, якая не мела далёкай перспектывы. Але ёсць і іншыя магчымасці, якія выкарыстоўваюць іншыя дробныя бізнесмены. Яны таксама займаюцца імпартам садавіны, у тым ліку яблыкаў, але крыху больш законна. Для гэтай мэты імі выкарыстоўваюцца мікрааўтобусы ёмістасцю да 3,5 тон. Чаму не больш? Бо на такі аўтамабіль не трэба мець дазволаў на перавозку па краінах Шэнгенскай зоны, ён не вымагае дарожных збораў і тахографа.

Мікрааўтобус успрымаецца як легкавы аўтамабіль, таму на мяжы можа рухацца па палосах для пасажыраў, якія перамяшчаюцца на легкавых аўто. Гэта прасцей, хутчэй і карацей. Гэта дае яшчэ адну важную магчымасць: цяпер падарожнік можа загрузіць больш тавараў, чым пададзена ў дакументах. Такі аўтамабіль замест 3,5 тон можа змясціць тавары вагой 6 тон. Але гэта можна праверыць толькі на аснове дакументаў. А кіроўца мае два такія дакументы, якія паказвае польскаму мытніку. Пасля другая палова знікае і садавіна праходзіць мытнае афармленне згодна з дакументам, выстаўленым на меншую колькасць. І ўжо гэты дакумент паказвае кіроўца беларускім мытным органам. Зараз ёсць попыт на яблыкі, летам будзе на вішні, клубніцы і капусту.

Другая рэч, якую дае мяжа, – гэта сістэма, распрацаваная кіроўцамі грузавікоў, але выключна беларускіх. Займаюцца гэтым нямногія кіроўцы, якія працуюць у буйных вядомых беларускіх кампаніях. Чаму? Бо беларускія фірмы не кантралююцца беларускімі мытнікамі так пільна, як, напрыклад, польскія. Кантроль на мяжы тычыцца толькі праверкі мытных пломбаў. Часцей за ўсё выкарыстоўваецца наступная схема. Беларуская фірма „А” купіла тавар у Нямеччыне. І замаўляе транспартную фірму „B” для яго перавозу. Тавар спакаваны ў прычэпе грузавіка, запламбаваны пячаткай мытных службаў у Нямеччыне і вяртаецца праз Польшчу, дзе беларускі кіроўца ў адпаведным месцы адкрывае прычэп без парушэння мытных пломбаў і загружае папярэдне прыгатаваны тавар. Гэта можа быць адзенне, жавальныя гумкі ці іншыя тавары, увоз якіх на тэрыторыю Беларусі пасля праходжання мытнага афармлення неаплачаны або цалкам незаконны. Вядома, пасля ўзважвання ўсяго саставу грузавой машыны разам з таварам (а гэта абавязковая працэдура на мяжы) вага будзе злёгку адрознівацца ад дадзеных у дакументах. Але розніца да 1 тоны з’яўляецца яшчэ нормай і не выклікае ніякіх падазрэнняў. Далей “левы” тавар зноў зняты чалавекам, які працуе ў фірме «Б», але гэта ўжо за мяжой, у Беларусі. І гэты тавар распаўсюджваецца на рынках. А тавар, які прайшоў мытнае афармленне згодна з усімі правіламі, не маючы нічога агульнага з кантрабандай, трапляе да фірмы «А».

Іншая магчымасць арганізаванай кантрабанды выкарыстоўваецца польскімі і літоўскімі кампаніямі, якія займаюцца экспартам у Беларусь сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Яны ўмела абыходзяць беларускія мытныя пошліны, якія тармозяць рэнтабельнасць праекта.

Схема выглядае наступным чынам. Польская фірма заключае дамову з беларускай, напрыклад, на пастаўку дэталяў для газонакасілак. Польская фірма купляе 20 газонакасілак высокай якасці ў вядомага вытворцы газонакасілак „Samasz” з Беластока ў частках. Гэтыя элементы газонакасілак загружаюцца ў пяць розных грузавікоў, якія едуць праз пяць розных памежных пунктаў. На беларускай мытні яны праходзяць мытнае афармленне ў адпаведнасці з мытным тарыфам як запасныя часткі (а гэта ўжо нізкая стаўка пошліны). І ўжо пасля сустракаюцца ў адным месцы, напрыклад, у Менску. У выніку з комплексу „запчастак” паўстае паўнавартасны прадукт, які канкурэнтаздольны і па цане, і па якасці з тымі, што вырабляюцца ў Беларусі.

Гэта ўсяго толькі некалькі цікавых прыкладаў арганізаванай кантрабанды. Аднак варта памятаць, што любыя такія камбінацыі ў выпадку выяўлення заканчваюцца канфіскацыяй маёмасці і транспартнага сродку, заблакаваннем рахунку і г.д.

Беларускае Радыё Рацыя