Аршанскі авіярамонтны завод вернуць у дзяржуласнасць



Падрыхтавана рашэнне аб вяртанні Аршанскага авіярамонтнага завода ў дзяржуласнасць, далажылі Аляксандру Лукашэнку падчас яго наведвання гэтага прадпрыемства 11 ліпеня.

Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што ўласнікі завода (украінская кампанія „Матор Січ” і беларускае ЗАТ „Сістэмы інвестыцый і інавацый”) самі ад яго адмовіліся. „Уласнікі — вы, таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка выказаў шэраг нараканняў у адрас Міністэрства транспарту і камунікацый у сувязі з тым, што яно „самаўхілілася ад сітуацыі на прадпрыемстве”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў дадзеным выпадку адсутнасць ва ўласнасці дзяржавы акцый не магла служыць апраўданнем. „Тут працуюць мае людзі, твае людзі: беларусы працуюць, рускія — нашы грамадзяне Беларусі, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака. — Якая розніца, каму належаць гэтыя акцыі? Гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальную заработную плату”.

Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу ліпеня вырашыць усе пытанні ў дачыненні да ведамаснай падпарадкаванасці прадпрыемства. „Завод павінен працаваць, чаго б гэта ні каштавала. Заводу не толькі быць — гэты завод павінен мець перспектыву развіцця. І пакладзіце мне на стол архітэктурны праект і іншае з улікам таго, што тут робіць бізнес для пашырэння аэрапорта і гэтак далей. Сядайце і вызначайцеся. Не дай бог я яшчэ раз прыеду ў Оршу і будзе такая сітуацыя”, — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў аб неабходнасці „дакладна вызначыць не толькі найбліжэйшыя планы па развіцці завода, але і на перспектыву, з улікам таго, што такое прадпрыемства будзе запатрабавана на працягу многіх гадоў”. „Верталётная вытворчасць і мадэрнізацыя, аднаўленне, рамонт верталётаў — у свеце іх мора — таму кавалак працы ў вас добры”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў: калі ёсць цяжкасці з пастаўкай неабходных камплектуючых з боку традыцыйных партнёраў, неабходна шукаць новыя варыянты, дыверсіфікаваць партнёрскія сувязі, самастойна асвойваць выпуск тых ці іншых камплектуючых. „Не трэба хадзіць і думаць, што мы нічога не можам. Трэба займацца гэтай справай, калі ёсць рынак і верталёты для рамонту і мадэрнізацыі. Тысячы чалавек (працаўнікоў прадпрыемства) — тут добрая школа, ідэальныя ўмовы, каб працаваць”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не выключыў, што пэўная дапамога і падтрымка можа быць аказана прадпрыемству і з боку дзяржавы. „Нечым дапаможам на нейкі перыяд, але трэба разгортвацца тут”, — падкрэсліў ён.

БелаПАН

Фота БелТА