Аршанцы сталі часцей выбіраць працу ў Польшчы, а не ў Расеі
На Аршаншчыне, як у адным з самых праблемных рэгіёнаў Беларусі, па-ранейшаму існуе вялікая праблема з працаўладкаваннем. З-за гэтага тысячы выхадцаў з рэгіёна шукаюць працу за мяжой. Цяпер людзі сталі часцей ездзіць на працу ў Польшчу, пры тым што раней абсалютная большасць выбірала больш блізкую да раёна тэрытарыяльна Расею. Рэдактар незалежнага сайта Orsha.eu, грамадскі актывіст Ігар Казмярчак кажа, што такія размовы ўсё больш заўважныя ў горадзе.
– Людзі шмат размаўляюць пра тое, што можна ехаць у Польшчу. У горадзе рэгулярна з’яўляюцца абвесткі пра тое, што Польшча запрашае работнікаў. Наколькі гэты вектар зменіцца прынцыпова – не ведаю, але тэндэнцыя сапраўды заўважная: аршанцы таксама пачынаюць ездзіць у Польшчу. Ці пераможа польскі вектар расейскі, пакуль сказаць цяжкавата. Але ёсць, у прынцыпе, такія людзі, якія паехалі і працуюць там у лепшых умовах, чым у Расеі, зарабляюць болей і маюць усе сацыяльныя гарантыі.
Адлегласць ад Воршы да Польшчы, па словах Ігара Казмерчака, не адыгрывае вялікай ролі. Па-першае, горад — вялікі транспартны вузел, па-другое, раней многія аршанцы ездзілі на заробкі ў больш далёкія ЗША, Чэхію, Нямеччыну.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя