Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой аб’явіла пра пачатак прыёму сябраў



26 студзеня ў Варшаве адбылася прэзентацыя Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA. На мерапрыемстве быў дадзены старт набору новых сябраў асацыяцыі, агучаны канкрэтныя крытэрыі адбору і прадстаўлены планы асацыяцыі на 2023 год.

Для таго, каб стаць сябрам ABBA трэба адпавядаць наступным крытэрыям: мець свой бізнес за мяжой (акрамя Расеі), быць у мінулым або цяпер беларускім грамадзянінам, падпісаць Кодэкс бізнес-этыкі АВВА, а таксама аплаціць гадавы сяброўскі ўнёсак. 

Памер ўнёску залежыць ад велічыні кампаніі і колькасці супрацоўнікаў: 1 прадпрымальнік плаціць €99 у год, фірма з менш чым дзесяццю працаўнікамі  — €169 у год.  Далей градацыя такая: фірмы памерам да 50 чалавек уносяць €349 у год, да 100 — €679, кампаніі з больш чым 100 супрацоўнікамі — €999 у год. 

ABBA плануе дапамагаць беларускім безнесoўцам у вырашэнні праблем вядзення бізнесу ў Польшчы, Прыбалтыцы, іншых еўрапейскіх краінах, перш за ўсё ў такіх пытаннях, як цяжкасці з легалізацыяй, ускладнены доступ да крэдытных рэсурсаў, цяжкасці з адкрыццём банкаўскіх рахункаў. Сябры асацыяцыі будуць мець доступ да ўсіх навучальных івэнтаў ABBA, а таксама змогуць удзельнічаць у праграмах падтрымкі бізнесу ад партнёраў АВВА — Польскай нацыянальнай гандлёвай палаты і даследчага цэнтра CASE. У 2023 годзе ABBA плануе правесці два бізнес-форумы для беларускіх прадпрымальнікаў у Варшаве і Вільні, а таксама два конкурсы бізнес-праектаў з прызавым фондам.

Падчас прэзентацыі Прэзідэнт ABBA Яўген Буры адзначыў: “Я ведаю, што беларусы маюць вялікі прадпрымальніцкі патэнцыял, як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Я хачу, каб нягледзячы ні на што, сумленныя людзі заўжды маглі казаць: “Ганарымся быць беларускім бізнэсам!”

Таксама на івэнце быў прадстаўлены новы брэндынг і фірмовы стыль асацыяцыі ABBA (прыкладаецца), выкананы ў чырвоным і белым колерах. Неўзабаве ABBA прадставіць новую версію сайта, якая ўлічвае візуальныя змены і дасць яшчэ больш карыснай інфармацыі для беларускага бізнесу.

Паводле прэс-рэлізу

Фота: ABBA